~~META: title = Артур Вольскі — У верасні &keywords = верасні, клас, турбот, хапае &abstract = Чытаць верш Артура Вольскага "У верасні" &iftrue = nan ~~ ====== Артур Вольскі — У верасні ====== У верасні,\\ у верасні\\ хапае ўсім турбот.\\ Дзятва да школы\\ ў верасні\\ спяшаецца штогод.\\ \\ Хоць сыпле дожджык з раніцы\\ і ў хмарах промень згас –\\ хто ў першы клас\\ збіраецца, а хто -\\ ў апошні клас.\\ \\ У верасні,\\ у верасні\\ зрабіўся дзень малы.\\ Развітваюцца\\ ў верасні\\ з буслянкамі буслы.\\ \\ Рассекшы хмару ўзмахамі,\\ клін жураўліны знік.\\ А ўсё чуваць\\ над дахамі\\ птушыны сумны крык.\\ \\ У верасні,\\ у верасні\\ стаў лес зусім рабы.\\ Вавёрачка\\ ў верасні\\ дасушвае грыбы.\\ \\ І вожык\\ устрывожаны.\\ А знаеце – чаму?\\ Бо трэба ложак\\ вожыку\\ заслаць на ўсю зіму.\\ \\ У верасні,\\ у верасні\\ хапае ўсім трывог.\\ Мядзведзіца\\ у верасні\\ вышуквае бярлог.\\ \\ Медзведзяняты жвавыя\\ да самае вясны,\\ расстаўшыся з забавамі,\\ глядзець там будуць сны.\\ \\ У верасні,\\ у верасні\\ турбот –\\ паўнюткі рот.\\ І я раблюся\\ ў верасні\\ сталей на цэлы год. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-восень]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-восень]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-восень]] * [[слоўнік/восеньскія-песні]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-залатая-асенняя-раніца]]