~~META: title = Артур Вольскі — Упарты снег &keywords = снег, красавік, хмарка, знік, мора, лагчыны &abstract = Чытаць верш Артура Вольскага "Упарты снег" &iftrue = nan ~~ ====== Артур Вольскі — Упарты снег ====== Лесам,\\ полем\\ красавік\\ ходзіць без сцяжыны.\\ Ажно бачыць –\\ снег не знік\\ з цёмнае лагчыны.\\ \\ Красавік яму:\\ – Чаму\\ не ўцякаеш з логу?\\ Праляжаў усю зіму,\\ час ужо ў дарогу.\\ Дык не будзь\\ упарты гэткі,\\ цеплыні чакаюць\\ кветкі…\\ \\ Снег не белы,\\ снег счарнелы,\\ хоць аселы,\\ але смелы:\\ \\ – Мне па густу гэты кут\\ у лясах сасновых.\\ Праляжу спакойна тут\\ да завеяў новых!..\\ \\ Красавік,\\ каб скончыць сварку,\\ на падмогу кліча хмарку:\\ – Хмарка,\\ хмарка,\\ набяжы,\\ снег сагнаць мне\\ памажы!\\ \\ Прыпыніла хмарка бег.\\ Сыпле дожджык часты.\\ І пабег\\ з лагчыны снег\\ ручайком блішчастым.\\ \\ Красавік адразу ў смех:\\ – Знік нарэшце\\ ўпарты снег!\\ Ды ў адказ звінеў ручай:\\ – Ты зімой мяне страчай!\\ Я скарыцца не магу,\\ я да мора дабягу.\\ Узнімуся\\ з мора парай\\ і зраблюся\\ снежнай хмарай,\\ каб па небе,\\ без дарог,\\ зноў вярнуцца ў гэты лог!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-першы-снег]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-першы-снег]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-з-першым-снегам]] * [[ibdc.ped>першы-снег-3700]] * [[ibdc.ped>першы-снег]]