~~META: title = Артур Вольскі — Буслава шапка &keywords = жабка, бусел, шапка, пінжаку, баку, хусткай, белай, парадных, ботах, чырвоных, балот, ходзіць, лапку &abstract = Чытаць верш Артура Вольскага "Буслава шапка" &iftrue = nan ~~ ====== Артур Вольскі — Буслава шапка ====== Схапіў бусел жабку\\ За левую лапку,\\ А пасля – за правую,\\ Грозіць ёй расправаю.\\ \\ Просіць жабка: – Не карай!\\ Слоўца вымавіць мне дай.\\ Ты блукаеш па балотах\\ У сваіх чырвоных ботах,\\ \\ У парадным пінжаку,\\ З белай хусткай на баку.\\ Ды ў цябе, браток, ква-ква –\\ Не пакрыта галава.\\ \\ Не рабі мне, бусел, ліха.\\ Я вядомая краўчыха.\\ Вазьму голку ў лапку\\ І пашыю шапку\\ \\ З лісточкаў лілейных,\\ Самых надзейных.\\ А, каб кожны бачыў,\\ Прышпілю гарлачык.\\ \\ Кажа бусел: – Праўда, жабка,\\ Вельмі мне патрэбна шапка!\\ Мяне сонца пячэ,\\ Мяне дожджык сячэ...\\ \\ Тыдзень, два, а, можа, тры\\ Прамінула з той пары.\\ Ходзіць бусел па балотах\\ У сваіх чырвоных ботах,\\ \\ У парадным пінжаку,\\ З белай хусткай на баку.\\ Ходзіць злосны – сам не свой,\\ З непакрытай галавой:\\ \\ – Адгукніся, жабка,\\ Ці гатова шапка?! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-пагоня]] * [[ibdc.ped>шчасце]] * [[творы/віталь-вольскі/віталь-вольскі-несцерка]] * [[постаці/віталь-вольскі]] * [[постаці/артур-вольскі]]