~~META: title = Творчасць Аркадзя Куляшова &keywords = Куляшоў, паэт, верш, паэма &abstract = Аналіз творчасці Аркадзя Куляшова &iftrue = nan ~~ ====== Творчасць Аркадзя Куляшова ====== Паэзія [[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзя Куляшова]] (1914-1978) увайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. "Новая кніга", якая ўбачыла свет у 1964 г., стала па-сапраўднаму наватарскай і засведчыла якасна новы перыяд у творчасці паэта. Зборнікі "Сасна і бяроза" (1970) і "Хуткасць" (1976) грунтоўна замацавалі за ім адно з галоўных месцаў у літаратуры.\\ Нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы, што ў Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне. Яго бацькі працавалі настаўнікамі ў школе. Паэтычны дар абудзіўся ў хлопчыка вельмі рана. У дванаццаць гадоў на старонках Клімавіцкай акруговай газеты "Наш працаўнік" ён надрукаваў свой першы вершаваны твор. А ў 1928 г., калі юнаму паэту было чатырнаццаць гадоў, у часопісе "Полымя" з’явіўся верш "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-бывай|Бывай...]]". Гэты твор быў народжаны першымі і шчырымі пачуццямі да вельмі прыгожай дзяўчыны — Алесі Карыткінай. Вобраз першага кахання жыў у сэрцы Аркадзя Куляшова ўсё жыццё, і таму ён неаднойчы згадваў Алесю ў сваіх паэтычных творах, вяртаўся да раней напісаных радкоў, шліфаваў іх, даводзіў да філіграннасці гучання. Верш "Бывай..." стаў шэдэўрам выдатнага паэта і цудоўнай песняй (музыку напісаў Ігар Лучанок): Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.\\ Бывай, смуглявая, каханая, бывай.\\ Стаю на ростанях былых, а з паднябесся\\ Самотным жаўранкам звініць і плача май. \\ Закончыўшы ў 1928 г. сямігодку, Аркадзь Куляшоў пайшоў вучыцца ў Мсціслаўскі педтэхнікум. Тут ён пасябраваў з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, якія таксама пісалі вершы, былі паэтамі-[[слоўнік/маладняк|маладнякоўцамі]], упэўнена ўваходзілі ў літаратуру. Яны ў сваім асяродку захапляліся творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, цікавіліся рускай і сусветнай паэзіяй. Знаёмства з паэтычнымі кірункамі і набыткамі іншых літаратур узбагачала творчы досвед і духоўны свет маладых людзей.\\ У 1931 г. малады паэт паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. А за год да гэтай падзеі выйшаў яго першы зборнік "Росквіт зямлі" (1930). У хуткім часе ўбачылі свет яшчэ некалькі кніжак Аркадзя Куляшова — "Па песню, па сонца!..", "Медзі дождж" (абедзве — 1932), паэмы "Аманал" (1933) і "Гарбун" (1935). У многіх вершаваных творах А. Куляшова адчуваюцца дыханне і рытмы свайго часу, выяўляецца радасць юнацкіх пачуццяў і рамантычных парыванняў у светлае заўтра. Аптымізм і мажор валадараць у радках паэта, які, зразумела, за чыстую манету прымаў тагачасныя ідэалагічныя заклікі ды ўстаноўкі. Драматычная праўда даваеннай рэчаіснасці, калі панавала атмасфера страху і недаверу, адбываліся рэпрэсіі, ішло рассяляньванне вёскі, заставалася па-за яго ўвагай. І таму не ўсё з напісанага вытрымала выпрабаванне часам.\\ Звяртаюць на сябе ўвагу вершы "Астраном" (1929) і "Як дзень адыходзіць..." (1930). У гэтых творах герой паэта рамантычна захапляецца панарамай далёкіх сузор’яў, верыць у тое, што зможа некалі весці дыялог з паэтам з іншай галактыкі, у якога гэтаксама "сэрца гарыць". Ён вітае зорны сусвет: Прымі прывітанне, бясконцы сусвет\\ Далёкіх Цэнтаўраў і Львоў,\\ Далёкі таварыш, далёкі паэт\\ З няходжаных Млечных Шляхоў.\\ ("Як дзень адыходзіць...") \\ Паэт нібы інтуітыўна прадчуваў надыход касмічнай эры, калі бясконцы сусвет зробіцца адкрытым і блізкім чалавеку. У асобе Аркадзя Куляшова ў нашу паэзію прыйшоў мастак аб’ёмнага, касмічнага погляду на свет. Філасофскі касмізм думкі, маштабнасць мыслення зрабіліся асноўнымі ў яго паэзіі. Асэнсаванне месца чалавека у Сусвеце, агульнапланетарным быцці знойдзе ўвасабленне ў творах Аркадзя Куляшова 40-50-х гг. і пазнейшага часу (паэма "Хлопцы апошняй вайны", вершы "Зямля", "Пра Марс" і інш.). Канцэпцыя быцця і лёсу чалавека на Зямлі і ў Сусвеце стала асновай яго філасофска-паэтычнага светабачання і светаразумення.\\ Самай прыкметнай з’явай у творчасці Аркадзя Куляшова даваеннай пары стаў цыкл вершаў "Юнацкі свет" (1939-1940). Сюды ўваходзяць вершы "На сотай вярсце", "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-карусель|Карусель]]", "Бюро даведак", "Воблака" і інш. Лепшыя з іх, як лічыць крытык У. Гніламёдаў, "краналі натуральнасцю слова, абаяльнасцю інтанацый жывой гаворкі, шчырасцю і праўдзівасцю пачуццяў...". "Я так — летуценнік..." — прызнаецца [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|лірычны герой]]. Ён паўстае перад намі радасным, крыху наіўным. "Юнацкі непаўторны свет" поўніцца пачуццём кахання да дзяўчыны, якая ўяўляецца "светлым ранкам" ("Бюро даведак"). Разам з тым герой паэта ўлюбёны ў свае родныя мясціны, на поўныя грудзі, па-маладому шчаслівы жыць на зямлі і сузіраць хараство. Лепшыя радкі цыкла ўражваюць лірычнай непасрэднасцю адчуванняў, адметнасцю аўтарскіх вобразаў. У вершы "Воблака" паэт здолеў перадаць цудоўны міг жывой паяднанасці з прыродай, калі ў рукі рыбалова, здаецца, трапіла само воблака: Вада ў кругах,\\ Вада ў кругах,\\ I неба ў ёй не тое...\\ А воблака?Яно ў руках\\ Трапечацца жывое. \\ Пачуццё крэўнай еднасці з роднай зямлёй выяўлена ў вершы "Магілёўская хмарка" (1940). Хмарка — жывая і дзейная істота — паспагадала жнеям і схавала іх у свой цень ад спякоты, у рух прывяла вятрак, а потым "з вясёлым праехала громам". Праз пейзажны малюнак паэт імкнуўся выказаць духоўна значную думку: I людзі ўсміхаюцца хмарцы сваёй,\\ I ўдзячны\\ Услед ёй крычу я:\\ — Расці, магілёўская хмарка,\\ З зямлёй\\ Трымаючы сувязь жывую! \\ У вершы "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-плыла-цалавалася-хмара-з|Плыла, цалавалася хмара з зямлёй...]]" (1940), які заўважна перагукаецца з "Магілёўскай хмаркай", Аркадзь Куляшоў працягвае роздум пра духоўнае апірышча асобы, яе ідэалы і жыццёвыя прынцыпы. Па сутнасці, ён выказвае сваё эстэтычнае крэда, погляд на асобу паэта, якая бачыцца яму душэўна ўсхваляванай, у няўрымслівым пошуку: Хачу неспакойнаю хмарай грымець,\\ Маланкамі ўвесь апавіты,\\ Каб цяжка адразу было зразумець\\ Ці вокам акінуць, які ты. \\ У гэтым творы пейзажны вобраз набывае іншасказальнасць.\\ Тэма паэта і паэзіі знаходзіць арыгінальнае ўвасабленне ў вершы "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-мая-бесядзь|Мая Бесядзь]]" (1940-1946). Тут па-мастацку пераасэнсоўваецца фальклорны вобраз птушкі кані. Каня марнавала час, калі іншыя птушкі працавалі, капалі раку, нават чыніла здзекі з маленькіх працаўнікоў. Таму яе спасцігнуў вечны праклён: улетку яна канае ад смагі, "рэдкаю кропляю... існуе". Лірычны герой верша не жадае жыць, як гэтая птушка, ён гаворыць, што будзе крышыць каменне, разграбаць пяскі і капаць "рэчышча ўласнай ракі". Яму марыцца, каб адшуканая крыніца разлілася ракой: Не Волгай магутнай,\\ Не нават Камаю,\\ Хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй. \\ Паэтава мара збылася. Яго паэзія зрабілася паўнаводнай ракой, якая ўлілася ў вялікі акіян агульначалавечай духоўнасці. Прыйшоў, зрэшты, і той дзень, калі давялося плыць у акіянскім прасторы, але мастак не забыўся пра пасланую лёсам блакітную раку, вытокі сваёй паэзіі: "Як быццам я плыву не акіянам, %%//%% А Бесяддзю — жаданаю ракой" (верш "Стаю і з пачуццём неўтаймаваным...", 1962).\\ Яшчэ ў даваенныя гады Аркадзь Куляшоў выявіў сябе і як паэт яркага эпічнага таленту. Паэме "Аманал" (1933) уласцівы прынцып рамантычнай умоўнасці ў адлюстраванні падзей. Абагульнена-сімвалічны і рамантычны характар набываюць вобразы Юнака і Маладосці, якія ў значнай ступені ўвасабляюць сабой маладое пакаленне 30-х гг. Паэт звяртаецца да мовы сімвалаў, прыёмаў іншасказальнасці і фальклорнай паэтыкі. Удалае выкарыстанне гэтага літаратурнага арсенала заўважыў і станоўча ацаніў Якуб Колас. Ён адзначаў адметнасць эпічнай формы твора, параўноўваў куляшоўскі "Аманал" з п’есамі Леаніда Андрэева і Морыса Метэрлінка: "...паэма... пабудавана пераважна на схемах, сімвалічнасці, на [[слоўнік/алегорыя|алегорыях]], а сімвалічная афарбоўка выклікае ў памяці Морыса Метэрлінка: выццё сабак, ваўкоў, пеўневыя спевы і г. д. I як заключны акорд паэмы, паяўленне ласінага табуна". Гэты вобраз табуна на фоне летняй прыроды атаясамліваецца з узвіхраным часам 30-х гг., які імкліва перайначваў рэчаіснасць.\\ Адным з найлепшых даваенных эпічных твораў А. Куляшова справядліва лічыцца паэма "Хлопцы апошняй вайны" (1940). Паэт зазямляе свайго лірычнага героя, хоць той імкнецца думкай ахапіць сусвет. Ён турбуецца пра лёс жыцця і чалавека на зямлі, над якімі навісла пагроза ваеннага ліха. У перадваенныя гады гэтыя хваляванні былі небеспадстаўнымі і нават прарочымі, бо вайна з фашызмам прымусіла задумацца пра будучыню ўсяго чалавецтва і яго будучыню, пра вечныя каштоўнасці на зямлі — мір, працу, чалавечае шчасце. Зноў жа, трэба заўважыць, гэтая паэма лучыцца з канкрэтыкай даваеннай эпохі, аднак у ёй абмінаюцца складаныя рэаліі і павароты жыццёвай рэчаіснасці. Разам з тым аўтар апярэджвае свой час — найперш гуманістычнай скіраванасцю думкі, верай у чалавечы розум.\\ Патрыятычным і гуманістычным пафасам вызначаецца творчасць Аркадзя Куляшова ваенных гадоў. Вялікім пачуццём болю напоўнены верш "Ліст з палону" (1942) — зварот дзяўчыны, якую вывозяць у фашысцкую няволю. Гераіня звяртаецца да свайго каханага. Двойчы паўторанае слова "рабыня" і шматразовы паўтор эпітэта "чорная" абвастраюць трагічнасць гучання паэтычных радкоў, перадаюць унутраны стан паланянкі: Я рабыня, рабыня,\\ Я чорная, чорная, чорная,\\ Любы мой, не з табой,\\ А з праклятай бядой\\ Заручоная... \\ Здаецца, што гэта сама Беларусь спавядаецца і кажа пра свой трагічны лёс, просіць заступіцца і абараніць яе ад рабства, кліча адпомсціць ворагу за патаптаны гонар і ўчынены гвалт.\\ Глыбокім лірыка-драматычным зместам напоўнены верш "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-над-брацкай-магілай|Над брацкай магілай]]" (1942). Каб раскрыць увесь драматызм пахавання беларускіх салдат, палеглых за Радзіму, аўтар звяртаецца да прыёму вобразнага кантрасту: супрацьпастаўляюцца "прыгожыя краскі за вёскай у лузе" і "варожыя каскі" каля вёскі, дзе адбыўся бой. Тут паўстаюць у сваёй непрымірымасці прыгажосць жыцця і смерць. Заключныя радкі гучаць з эмацыянальнай узвышанасцю слова. Паэт выказвае той пакутны стан душы, калі чалавек, надоўга адарваны ад роднай зямлі, шукае ў цяжкія хвіліны духоўнага мацунку і надзейнага апірышча: Беларусь мая родная,\\ як жа я рвуся яшчэ раз\\ Пеша ўсю цябе змераць,\\ увесь і чабор твой і верас!..\\ Сэрца просіць шляхоў,\\ Што цяжкім маім ботам пад сілу;\\ Наглытацца хачу туманоў,\\ Твайго ветру і пылу;\\ Наглытацца хачу за сябе і за тых,\\ Што не ўстануць з нябыту;\\ Вочы просяць нябёсаў тваіх,\\ Ім твайго не хапае блакіту. \\ Элегічная, роздумная танальнасць верша "Пад родным небам" (1943). Думкі паэта нібы мкнуць наўздагон за птушыным выраем: "А гусі? %%//%% Адкуль ім %%//%% Адрозніць за хмаркамі тымі %%//%% Шынелі ад купін, %%//%% Нядаўна пакінутых імі?". У гэтым лірыка-пейзажным творы кранальна і шчымліва выказаны запаветныя пачуцці чалавечай душы "пад восеньскім небам" ваеннага часу.\\ У гады вайны Аркадзь Куляшоў стварыў [[слоўнік/балада|балады]], [[слоўнік/элегія|элегіі]], лірычныя і лірыка-публіцыстычныя вершы ("Віцебская махорка", "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-маці|Маці]]", "Галубкі" і інш.), а таксама паэмы [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-сцяг-брыгады|"Сцяг брыгады"]] (1943), [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-прыгоды-цымбал|"Прыгоды цымбал"]] (1944) і "Дом № 24" (1944). Асабліва каштоўнае ў гэтых творах — псіхалагічная глыбіня пачуццяў пра перажытае і выпакутаванае чалавекам ва ўмовах ваеннага ліха. Уражвае драматызм лірычных інтанацый і адметнасць мастацкай вобразнасці, якая раскрывае трагедыю нашай роднай зямлі і трагедыю беларускага народа. Творы пра вайну Аркадзя Куляшова па-мастацку глыбока выяўляюць чалавечыя пакуты, боль, гора і знаходзяцца ў цеснай сувязі з ваеннай паэзіяй Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Міколы Сурначова, Аляксандра Твардоўскага, Аляксея Суркова, Сяргея Нараўчатава, Канстанціна Сіманава, Міхаіла Ісакоўскага і інш.\\ У канцы 40-х — 50-я гг. Аркадзь Куляшоў напісаў паэмы "Перамога", "Новае рэчышча", "Толькі ўперад", "Песня аб слаўным паходзе", [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-грозная-пушча|"Грозная пушча"]]. На гэтых эпічных творах, як і на многіх вершах таго часу, моцна адбіўся змест і дух часу, а менавіта культ асобы Сталіна, так званая тэорыя бесканфліктнасці, ідэалагічныя ўстаноўкі бальшавіцкай партыі. Ідэалагічная па сваёй накіраванасці вершатворчасць вызначае аблічча паэтычнага зборніка "Камуністы" (1949), назву якому даў аднайменны верш з запеўнымі радкамі: "Камуністы — гэта слова, як са сталі, %%//%% Камуністы — гэта слова, як з агню". Працытааваныя радкі поўныя пафаснай рыторыкі, патэтычнага красамоўства, казённага аптымізму. Паэма-араторыя "Слова аб правадыру народаў" (1949) стала паэтычным прамаўленнем аўтара пра так званага правадыра і бацьку народаў Сталіна. Твор гэты — даніна культу асобы, у ім дамінуе ўсхваляльны пафас. Зрэшты, оды Сталіну і камуністам склаў не адзін Аркадзь Куляшоў. Мастак у таталітарнай дзяржаве быў падпарадкаваны ідэалогіі, залежаў ад яе і мусіў прыстасоўвацца да абставінаў, каб аўтарытарная сістэма не ўкрыжавала яго, не адправіла на той свет.\\ Нараджаліся пад пяром паэта і радкі, непадлеглыя ніякім пераменам часу, — гэта творы на вечныя тэмы. Да найлепшых твораў Аркадзя Куляшова 40-50-х гг. адносяцца "Колас", "Вяселле", "Аб рэўнасці", "Ты і я", "Зямля", "Маё сэрца ў бары" і інш. Цудоўны верш "Ты і я" пісаўся амаль у адзін час з "Камуністамі". У ім тонка раскрываецца душа Куляшова-лірыка, гучыць прачулая музыка кахання.\\ У другой палове 50-х — 60-я гг. у свядомасці паэта адбылася змена поглядаў і арыенціраў, ён выйшаў на якасна іншы ўзровень светапазнання. Аркадзь Куляшоў істотна паглыбіў інтэлектуальны, філасофскі пачатак у сваёй творчасці. 60-70-я гады сталі новым этапам у яго паэзіі. Паклаў пачатак гэтаму этапу зборнік "Новая кніга", які стаў падзеяй ва ўсёй тагачаснай савецкай літаратуры.\\ Аснову светабачання паэта складаюць думкі-развагі пра быццё чалавека ў часе і прасторы, пра лёс чалавецтва, Зямлю і Сусвет. Крытык В. Бечык у кнізе пра А. Куляшова "Шлях да акіяна" (1981) адзначаў, што "касмічны" ракурс надаў асаблівую навізну і надзённасць паэтавым разважанням, "новае... гучанне атрымала гуманістычнае сцвярджэнне чалавечнасці, шчырасці, дабраты, абвострана выявіўся драматызм сучаснага быцця чалавецтва", пры гэтым у куляшоўскіх творах "пераважае пафас засяроджанага роздуму". Яго лірычны герой — асоба гістарычная, якая знітоўвае ў сабе мінулае і будучыню: Жыву, і пачуццё ў мяне такое,\\ Як быццам мне не пяцьдзесят гадоў.\\ А пяць стагоддзяў — самае малое.\\ ("Мне кожны год, нібы жыццём другім...") \\ Куляшоўскі герой — чалавек па-сапраўднаму касмічны, які адчувае сябе жыхаром Сусвету: "Я — трэці свет, я кропелька малая %%//%% Тых светаў двух — звычайны чалавек, %%//%% Што неба і зямлю ў сабе змяшчае..." ("[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-нябёсы-акіян-я-знаў-даўн|Нябёсы — акіян, я знаў даўно...]]"); "Мне ў рукі лёс не шпагу даў, не лук, %%//%% А ўсю Зямлю, з арэнай — Млечным Шляхам" ("Не старадаўні бард, але..."). У гэтых радках выяўляецца інтэлектуальная ёмістасць, афарыстычнасць думкі. "У вобразным, паэтычным мысленні Куляшова заўсёды ўражвае нечаканасць фармуліровак", — адзначае беларускі даследчык філасофскай паэзіі Я. Гарадніцкі.\\ Вобразы акіяна, вады, неба і іншыя прыродныя стыхіі паўстаюць у паэзіі Аркадзя Куляшова ў непарыўным адзінстве з чалавекам, яны — тая першааснова, без якой немагчымы "нязгаснага жыцця працяг". У вершы "Сышлося неба з акіянам блізка..." чалавек паўстае як дзіця акіяна, чыё быццё ўключана ў кругазварот часу і гісторыі. Гэты твор — філасофскае шаснаццацірадкоўе, у якім думка скіравана на пазнанне чалавечага быцця ў часе і прасторы, у непарыўнай сувязі мінулага і цяперашняга. Маштабнае пачуццё аўтара раскрывае чалавека ў глабальнай узаемасувязі з прыродай і вечнасцю: Я адчуваю, як насустрач сушам\\ Нясуць мяне ўспаміны, а не сны,\\ І там мяне перадаюць яны\\ Другім шляхам, другім вятрам і сцюжам.\\ \\ Дзіця вады, паўзу я ў глыб лясоў,\\ Развітваюся з берагам пясчаным,\\ Каб чалавекам, з глыбіні вякоў,\\ Устаць і зноў сустрэцца з акіянам. \\ Герой Аркадзя Куляшова быццам змяшчае памяць мінулых часоў, канцэнтруе ў сабе гістарычны вопыт чалавецтва, таму і хвалюецца пра яго лёс і жыццёвыя перспектывы.\\ Чалавек у Аркадзя Куляшова выступае сувязным эпох, Зямлі і Космасу. Знаходзячыся "на паўмільярдным кіламетры, паміж наступным і былым", ён глыбока ўсведамляе сваю высокую місію, адказнасць за лёс жыцця на Зямлі, будучыню, ён жадае, каб "выток жыцця" вечна пераходзіў у "працяг жыцця" (верш "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-на-паўмільярдным-кіламет|На паўмільярдным кіламетры]]"). Герой паэта не ўяўляе трываласці і няспыннасці зямнога быцця без повязі чалавека і прыроды, працягвае "руку гарачую... прыродзе — з дваццатага ў трыццатае стагоддзе" (верш "Завея лісцяў у сняжынак пух...").\\ У 60-70-я гг. узрастала рэальная пагроза ўсясветнай тэрмаядзернай катастрофы. Паэт верыць у розум чалавека і няскончанасць быцця на Зямлі. Жыццялюбныя, антываенныя матывы гучаць у вершах "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-я-хаце-абавязаны-прапіск|Я хаце абавязаны прапіскаю...]]", "Сама Зямля не вечна...", "Ты згасіш, сонца, час...", "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-сасна-і-бяроза|Сасна і бяроза]]" і інш. Неспакой, хваляванні сэрца — гэта глыбінны гуманізм светапогляду паэта. У пейзажна-медытатыўным вершы "[[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-глыбокі-лістапад-у-белав|Глыбокі лістапад у Белавежы...]]", напісаным у канцы 60-х гг., гучыць філасофская тэма жыцця і смерці. Паэт так выказвае свой душэўны стан: А я маўчу, як дрэва\\ Асенняе,\\ згубіўшае свой дах.\\ Вакол мяне —\\ направа і налева —\\ Лісты, лісты, лісты\\ заслалі шлях. \\ Мы адчуваем унутраны дыскамфорт паэта "сярод завей, бесчалавечных душ", яго шчырую трывогу за лёс кожнага з нас: "Хіба памром, %%//%% Гвалтоўнай смерці %%//%% трапіўшы пад кола? %%//%% Няўжо мы станем %%//%% снегам, пылам, тлом?" У наш паслячарнобыльскі час гэтыя радкі ўспрымаюцца яшчэ больш абвострана і драматычна. Паэт выявіў глыбінную паяднанасць інтымнага і грамадскага, элегічнага і светлага.\\ Аркадзь Куляшоў, нягледзячы на абвостраны драматызм светаўспрымання, па-філасофску ўзважана ставіўся да смерці і зямнога чалавечага лёсу, сцвярджаў няспыннасць жыцця. Ён верыў у вялікія магчымасці чалавецтва, яго інтэлект і духоўныя каштоўнасці. Наш беларускі паэт гэтак, як і А. Эйнштэйн, У. Вярнадскі і іншыя вучоныя, верыў у чалавечы розум, яго стваральны пачатак. Аўтарскі аптымізм і развагі пра вечны рух часу знайшлі глыбокае выяўленне ў вершы "На паўмільярдным кіламетры". Разам з паэтам мы ўслухоўваемся ў кукаванне зязюлі, якая калісьці паклікала яго ў вандраванне "на многа тысяч дзён". Афарыстычна гучаць заключныя радкі твора: Пяройдзе шлях у новы шлях,\\ Расстанне — ў новае спатканне,\\ Напеў жалейкі — ў труб гучанне,\\ Выток жыцця — ў жыцця працяг. \\ Аркадзь Куляшоў імкнуўся асэнсаваць свой час і эпоху з пазіцый сучаснасці і мінулага, у агульначалавечым вымярэнні.\\ У сярэдзіне 60-х гг. Аркадзь Куляшоў напісаў цыкл лірычных вершаў "Маналог" (1964-1965), які прысвяціў памяці сваіх сяброў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенкі. Іх вобразы вяртаюцца ў памяць вярэдлівым болем. Юлій Таўбін "памёр... за кратамі, сярод муроў сырых. %%//%% Без стужак, без вянкоў, без некралога, %%//%% З кляймом абвінавачвання цяжкога...", другі сябра без весткі загінуў на фронце. "Маналог" паэта — гэта выяўленне шчырай, адданай вернасці сяброўству, памяць сэрца пра людзей, з якімі пачынаўся шлях у літаратуру. Паэт разважае пра сутнасць чалавечага жыцця: "Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам...".\\ Аркадзь Куляшоў у 60-70-я гг. паказаў сябе выдатным майстрам паэтычнага эпасу. Ён стварыў паэмы [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-цунамі|"Цунамі"]], "Далёка да акіяна", [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях|"Варшаўскі шлях"]], [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-xамуціус|"Хамуціус"]].\\ Аркадзь Куляшоў выявіў сябе як таленавіты, глыбокі перакладчык. За дзейнасць у галіне мастацкага перакладу ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1970). Куляшоў тонка адчуваў індывідуальную адметнасць кожнага з тых аўтараў, што цудоўна загучалі на беларускай мове. Ён пераклаў "Энеіду" ўкраінскага паэта Івана Катлярэўскага, славуты "Спеў аб Гаяваце" Генры Лангфэла, паэму "Цыганы" і раман у вершах "Яўгеній Анегін" Аляксандра Пушкіна. Паэтам пераствораны па-беларуску многія творы Міхаіла Лермантава, [[творы/тарас-шаўчэнка/жыццё-і-творцасць-тараса-шаўчэнкі|Тараса Шаўчэнкі]], Сяргея Ясеніна, Расула Гамзатава і інш.\\ Аркадзь Куляшоў надаў высокі філасофскі ўзровень беларускай паэзіі. Ён выявіў раскаваную [[слоўнік/асацыятыўнасць|асацыятыўнасць]] думкі, шырокаахопнасць паэтычнага мыслення, яго суб’ектыўную інтэлектуальную заглыбленасць. Паэт не ўсведамляў сябе па-за агульназначнымі праблемамі чалавечага быцця, раскрываў агульначалавечае праз глыбока асабістае ўспрыманне рэчаіснасці і свету наогул. Ён узбагаціў традыцыі беларускага верша, пашырыў яго вобразна-выяўленчыя і стылёвыя магчымасці. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна]] * [[творы/янка-золак/творчасць-янкі-золака]] * [[творы/міхась-кавыль/жыццёвы-і-творчы-шлях-міхася-кавыля]] * [[творы/яўгенія-янішчыц/творчасць-яўгеніі-янішчыц]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]]