~~META: title = Мастацкія асаблівасці паэмы "Цунамі" &keywords = цунамі, філасофскіх, жанчына, героі, час, твора, чалавек, мужчына, трыццаць, сучасны, свет, пагрозу &abstract = Асноўная праблема паэмы Аркадзя Куляшова "Цунамі", мастацкія асаблівасці твора &iftrue = nan ~~ ====== Мастацкія асаблівасці паэмы "Цунамі" ====== Паэма «Цунамі» (1968) належыць да філасофскіх твораў.\\ Асноўная праблема, якую вырашае ў ёй А. Куляшоў, – чалавек і цывілізацыя. У філасофскіх творах досыць часта сустракаецца ўмоўнасць абставін, сітуацый, характараў, ставіцца своеасаблівы мастацкі эксперымент, каб сцвердзіць альбо, наадварот, абвергнуць нейкую выснову. Характэрнай для філасофскіх твораў з’яўляецца абагульненасць вобразаў.\\ Ён і яна, мужчына і жанчына, героі паэмы «Цунамі». Пра іх вядома толькі тое, што «яму – за трыццаць, ёй – за дваццаць», і што яны кахаюць адзін аднаго. На старажытнай пірозе гэтыя двое пакідаюць Зямлю, чалавечую цывілізацыю і аддаюцца ўладзе хваль. На даляглядзе –\\ вечная дарога,\\ Бясконцых хваль расплаўленае шкло.\\ Яны і далеч. Іншага нічога\\ Няма, не можа быць і не было. Паколькі сучасны свет дыктуе кожнаму асобнаму чалавеку свае законы, часта жорсткія і несправядлівыя, нясе ў сабе патэнцыяльную пагрозу жыццю, здароўю, матэрыяльным і культурным набыткам, героі хочуць быць незалежнымі ад яго, быць па-за часам. Яны, свае пакінуўшы стагоддзе,\\ Па добрай волі і сумеснай згодзе,\\ Да часу першабытнага плылі. Сітуацыя-эксперымент, у якую трапілі героі, павінна адказаць на пытанні: ці можа сучасны чалавек «згубіцца» на планеце Зямля, пазбавіцца ўсякага ўздзеяння на сябе цывілізацыі, адмовіцца ад яе набыткаў, ці дастаткова для шчасця «быць усюды разам». І на першае, і на другое пытанні падарожжа дало адмоўныя адказы. Спраўдзілася якраз тое, аб чым папярэджваў сучаснік, якога ён і яна назвалі цынікам, убачыўшы ў яго словах намер перашкодзіць іх падарожжу. Хто ў людскім свеце жыў ад нараджэння,\\ Без страт няўхільных не пакіне свет...\\ Дум не заменіць вам пасцель з травы,\\ Якой вы ўсё жытло сваё заслалі, – гаворыць цынік. Гаворыць ён таксама пра пагрозу радыеактыўнага апраменьвання, прапаноўваючы ўзяць з сабою лічыльнік Гейгера. Папярэджвае, «што неспакой не лечыць адзінота, што адзіноту лечыць неспакой», і што «дасягнутае шчасце – палон».\\ Век 20-ы дагнаў вандроўнікаў атамным выбухам, смерцю, якую выпраменьваў на трыццаць міль вакол «вызвалены атам». Сын мужчыны і жанчыны, іх будучыня, нарадзіўся мёртвым.\\ Яшчэ да нараджэння дзіцяці пачалі ўзнікаць непаразуменні паміж ім і ёю. «Шэсць дзён маўчала. На абрыдлым сене бед прадчуванне непакоіць сны», – характарызуе аўтар душэўны стан гераіні. Потым жанчына з радасцю падхапіла транзістар, што кінула Зямля з карабельнай палубы. Калі Цунамі вярнуў пірогу на мацярык, жанчына пакінула мужчыну без тлумачэнняў, без пісьма.\\ Узяўшы ў рукі люстэрка, мужчына пераканаўся ў справядлівасці яшчэ аднаго папярэджання цыніка: калі яны пакінулі час, то час не пакінуў іх. Ён не пазнаў свайго аблічча: Глядзіць і, як па сонечных гадзінах,\\ Вядзе падлік нелічаным гадам:\\ Дням восені глыбокай – па маршчынах,\\ Па сівізне – зімы халодным дням. Якім бачыць паэт вырашэнне праблемы свабоды і шчасця чалавека ў сучасным свеце? Адказ знаходзім у эпілозе: Над сонечным мацерыком разліта\\ Духмянасць ніў спякотным летнім днём.\\ Ён і яна ў цяньку сядзяць, дзе жыта\\ Шуміць зялёнай хваляй за гумном,\\ Як за кармою карабля. Пясчынкай\\ Адпачывае на руках ралля.\\ Ганяецца дзіця іх за пушынкай\\ Падобнай на жывога матыля... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-балада-аб-чатырох-заложн]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/цунамі-скарочана]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях]] * [[постаці/аркадзь-куляшоў]]