~~META: title = Аркадзь Куляшоў — Сасна і бяроза &keywords = сасна, бяроза, зямлю &abstract = Чытаць верш Аркадзя Куляшова "Сасна і бяроза" &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў — Сасна і бяроза ====== Трымаюць Зямлю без падважнікаў тых,\\ Без мудрага троса,\\ Жывымі рукамі карэнняў сваіх\\ Сасна і бяроза.\\ \\ Ад дыму да пары ў пякельных катлах\\ Судна, паравоза\\ Прайшлі яны поруч гарачы свой шлях –\\ Сасна і бяроза.\\ \\ Лягла на іх плечы цяжарам вайны\\ Акопная проза:\\ Служыла салдатам сасна – для труны,\\ Для крыжа – бяроза.\\ \\ Знікала з тузоў, гандляваўшых крывёй,\\ Пыхлівая поза,\\ Калі перад імі ўставалі з пятлёй\\ Сасна і бяроза.\\ \\ Ад явы крывавай не вынайшлі лек...\\ І ўзнікла пагроза,\\ Што могуць пад крыжам закончыць свой век\\ Сасна і бяроза.\\ \\ Ужо на насенне, якое ў раллі,\\ Паглядваюць коса\\ Аратыя смерці, каб больш не раслі\\ Сасна і бяроза.\\ \\ Над імі ракетны ўзрываецца гук\\ І гул бамбавоза...\\ А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук\\ Сасна і бяроза? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-танец-соснаў]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-як-сасна-з-бярозай-пасяб]] * [[ibdc.ped>сасна-пры-дарозе]] * [[ibdc.ped>сасна]] * [[творы/іван-навуменка/іван-навуменка-сасна-пры-дарозе]]