~~META: title = Аркадзь Куляшоў — Пра восень &keywords = вясны, восень, свечкі, праводзінах, памінках, лес, дол &abstract = Верш Аркадзя Куляшова "Пра восень" &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў — Пра восень ====== Замаўкаюць птушыныя звонкія спевы,\\ Калі восень прыходзіць у край наш лясны,\\ І, як свечкі, вакол ярка ўспыхваюць дрэвы\\ На праводзінах лета, на памінках вясны.\\ \\ Там, дзе восень ідзе, лес шумлівы радзее,\\ Вецер гоніць хмарыны з-за цёмных ялін,\\ Грозны чуючы сівер, лісты, як надзеі,\\ Аблятаюць на дол з пачарнелых галін.\\ \\ Я, улюбёны ў жыццё, не скаруся пагрозе\\ На праводзінах тых, на памінках старых,\\ Выйду з лесу і стану ў зімы на парозе\\ Дрэвам я, што лістоў не губляе сваіх.\\ \\ Я трымаў іх з вясны, да вясны датрымаю,\\ Не развею па свеце, не кіну ў бяду,\\ Дружным пошумам іх новы май прывітаю\\ І з адзінаю просьбай на дол упаду:\\ \\ – Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,\\ Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі\\ І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі\\ Над маёй адшумеўшай вясной запалі! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-балада-аб-чатырох-заложн]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-xамуціус]] * [[постаці/аркадзь-куляшоў]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]]