~~META: title = Аркадзь Куляшоў — Плыла, цалавалася хмара з зямлёй... &keywords = хмара, хацела, глядзіць, плошчу &abstract = Чытаць верш Аркадзя Куляшова "Плыла, цалавалася хмара з зямлёй..." &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў — Плыла, цалавалася хмара з зямлёй... ====== Плыла, цалавалася хмара з зямлёй,\\ Аж жнеі сярпы пакідалі,\\ Бо ўгледзелі ўжо, як збягаюць па ёй\\ Маланкі\\ На жытнія далі.\\ \\ Таму, што нясе яна мёд для пчалы\\ І робіць дарогу лягчэйшай,\\ Ўсе рэкі прыцягваць яе пачалі,\\ І хмара плыве да шырэйшай.\\ \\ Сябе яна хоча ў тым люстры пазнаць,\\ Прыціхла,\\ На цыпачкі стала,\\ Глядзіць з вышыні ў пацямнеўшую гладзь,\\ Глядзіць,\\ Толькі плошчы ёй мала.\\ \\ Зноў хмара злуецца, зноў, мусіць, з тугі\\ Кідае свае бліскавіцы,\\ Рассунуць хацела б яна берагі,\\ Хацела б\\ Краямі ўмясціцца.\\ \\ І не ўпершыню з непакоем былым\\ Удаль адплывае без згадкі.\\ А следам за ёй,\\ Як за лёсам сваім,\\ Спяшаюцца воблакаў статкі.\\ \\ Глядзяцца – адбітыя ў завадзяў шкле –\\ З нябёс у люстраную плошчу,\\ Красу сваю бачаць, блакіт свой.\\ Але\\ Я воблакам тым не зайздрошчу.\\ \\ Хачу неспакойнаю хмарай грымець,\\ Маланкамі ўвесь апавіты,\\ Каб цяжка адразу было зразумець\\ Ці вокам акінуць, які ты.\\ \\ Спакою не ведаць ні ноччу, ні днём\\ І не прыставаць у знямозе,\\ Вялікай любові дажджом\\ І агнём\\ Зямлю цалаваць па дарозе.\\ \\ 1940 ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/аркадзь-куляшоў]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-xамуціус]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-балада-аб-чатырох-заложн]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях]]