~~META: title = Аркадзь Куляшоў — Маёй рукой пасаджанай бярозе... &keywords = век, сорак &abstract = Верш Аркадзя Куляшова "Маёй рукой пасаджанай бярозе..." &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў — Маёй рукой пасаджанай бярозе... ====== Маёй рукой пасаджанай бярозе\\ Гадоў якіх праз сорак, сорак пяць\\ Не пры глухой дарозе красаваць,\\ А ў будучага веку на парозе.\\ \\ Каля яе патомак малады,\\ Старым гасцінцам едучы здалёку,\\ Прыпыніцца, перачакае спёку,\\ З ракі матору прынясе вады.\\ \\ Не ўспомніць ён тады ні пра дамоўку\\ Забытую маю, ні пра мяне,\\ Але ў цяньку згадаць не праміне\\ З удзячнасцю пра рукі і рыдлёўку,\\ \\ Што гэта дрэва не вятрам на здзек\\ Тут пасадзілі, не для ўцехі ўласнай –\\ Пераняслі яго, для долі яснай,\\ Не з лесу ў поле – з веку ў новы век. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях]] * [[постаці/аркадзь-куляшоў]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-xамуціус]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-балада-аб-чатырох-заложн]]