~~META: title = Аркадзь Куляшоў — Крылы &keywords = крылы, ляцяць, глядзелі, жорава, зямля, ляці, юнацтва, магілы &abstract = Верш Аркадзя Куляшова "Крылы" &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў — Крылы ====== Я пакідаў маленства край,\\ Дзе жыў жыццём вясёлым,\\ Прыйшла і мне чарга бывай\\ Сказаць лясам і долам.\\ \\ Глядзелі зоры на мяне\\ Здалёк, як на другога,\\ Нібы за жорава мяне\\ Лічылі маладога.\\ \\ Глядзелі з вокнаў аганькі\\ Мне ўслед з трывогай шчырай,\\ Нібы ў далёкі і цяжкі\\ Я падымаўся вырай.\\ \\ Зямля шаптала мне – ляці,\\ Спяшайся, жораў ранні,\\ Цябе чакаюць у жыцці\\ Усе выпрабаванні.\\ \\ Яны стаяць за радам рад:\\ З крыві, агню, з жалеза.\\ Ляці! Няма шляхоў назад\\ Да салаўёў і бэза.\\ \\ Адчуў я прагу вышыні,\\ Зямля дала мне сілы,\\ Мяне ўзнялі юнацтва дні –\\ Майго адлёту крылы.\\ \\ Свіст кулі чуў я на вайне,\\ Штык не здымаў з вінтоўкі.\\ Там, нібы з жорава, з мяне\\ Ляцела пер’е толькі.\\ \\ Дзе ні праехаць, ні прайсці –\\ Я поўз, я лез, упарты.\\ Я не шкадую! Дзесяці\\ Не бітых біты варты.\\ \\ Каб нават я забіты лёг\\ На дно сырой магілы,\\ Скарыцца б і тады не змог,\\ Свае не склаў бы крылы.\\ \\ Я б зажадаў яшчэ зазнаць\\ Адно выпрабаванне –\\ З магілы ўстаць, хоць цяжка ўстаць,\\ Каб зноў убачыць ранне.\\ \\ Адмыў бы я імглу з вачэй\\ У ручаі самохаць,\\ Зямлю атрос бы, каб людзей\\ Зямлёю не палохаць.\\ \\ Рвануўся б з месца, каб набраць\\ Паветра ў грудзі й жылы.\\ ...Няхай ляцяць, ляцяць, ляцяць\\ Майго юнацтва крылы!\\ \\ 1945 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-xамуціус]] * [[постаці/аркадзь-куляшоў]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-балада-аб-чатырох-заложн]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях]]