~~META: title = Аркадзь Куляшоў — Глыбокі лістапад у Белавежы &keywords = лісты, душ &abstract = Верш Аркадзя Куляшова "Глыбокі лістапад у Белавежы" &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў — Глыбокі лістапад у Белавежы ====== Глыбокі лістапад у Белавежы. Шуміць лістота пушчы векавой, Пытаецца шчымліва, быццам вершы За ўсё жыццё напісаныя мной: – Скажы, хіба нас не паліла смага, Не абдаваў дажджоў лагодны душ? Няўжо навек нас замяце няўвага Сляпых завей, бесчалавечных душ? Няўжо шыпамі вострымі падкова Праб’е далоні нам?.. Хіба памром, Гвалтоўнай смерці трапіўшы пад кола? Няўжо мы станем снегам, пылам, тлом? А я маўчу. А я маўчу, як дрэва Асенняе, згубіўшае свой дах. Вакол мяне – направа і налева – Лісты, лісты, лісты заслалі шлях. Пакуль яшчэ не замялі іх сцюжы, Пакуль ляжаць духмянаю капой, Хачу я, нібы ў вір, заткнуўшы вушы, У скаргу іх зарыцца з галавой. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/эдуард-акулін/эдуард-акулін-асенні-рытурнэль]] * [[творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-залаты-лістапад]] * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-лістапад]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-лістапад]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-лістапад-946]]