~~META: title = Аркадзь Куляшоў — Балада аб чатырох заложніках &keywords = татка, міная, дзяцей, дадому, цётка, пойдзе, бацькі, гаворыць &abstract = Чытаць "Баладу аб чатырох заложніках" Аркадзя Куляшова. Адказы на пытанні да балады &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў — Балада аб чатырох заложніках ====== Іх вядуць па жытняй сцяжынцы.\\ Чатырох.\\ Пад канвоем.\\ З дому.\\ Чатырнаццаць — старэйшай дзяўчынцы,\\ Тры гады хлапчуку малому.\\ Разам з імі ў падвал халодны\\ Гоняць цётку — сястру Міная,\\ А Мінай — гэта бацька іх родны,\\ Бацька родны,\\ Мсціўца народны.\\ Піша вораг аб ім у газетах,\\ Аб чырвонай\\ Брыгадзе ягонай,\\ Па усіх\\ Былых сельсаветах\\ Клеюць новы\\ Загад суровы.\\ Са слупоў, са сцен, аканіцаў\\ Пагражаюць Мінаю загадам:\\ Ён павінен скарыцца,\\ З'явіцца,\\ Здацца ў рукі фашысцкім уладам.\\ I вісіць той загад друкаваны\\ На Мінаевай хаце і клеці;\\ А не з'явіцца — расстраляны\\ Будуць заўтра заложнікі —\\ Дзеці...\\ У чаканні смяротнага часу\\ У падвале дзеці Міная.\\ З імі цётка іх родная разам,\\ Ёй таксама расстрэл пагражае.\\ — А чаму нас вартуюць салдаты? —\\ Знаць маленькаму хлопчыку трэба. —\\ А чаму не пускаюць з-за кратаў,\\ За якімі і сонца, і неба?\\ А ці скора нас вызваліць татка?\\ — Скора, — цётка гаворыць малому,\\ Татка прыйдзе і ўсім нам, дзіцятка,\\ Волю дасць, і мы пойдзем дадому...\\ — А чаму не прыходзіць ён?\\ Сыну\\ Цяжка ўсё растлумачыць адразу.\\ — Спі, засні, — суцяшае жанчына\\ У чаканні смяротнага часу.\\ Цётка дзецям, уклаўшы малога,\\ Кажа праўду пра лёс іх суровы.\\ Не павінен ведаць нічога\\ Толькі меншы —\\ сын трохгадовы.\\ — Вы нічога яму не кажыце, —\\ Навучае\\ Дзяцей Міная.\\ Сын у сне гаворыць аб жыце,\\ Па якому\\ Пойдзе дадому.\\ У астрожнай\\ Трывожнай\\ Цішы\\ Сняцца краты меншаму сыну:\\ — Тут і мокрыя сцены,\\ I мышы...\\ Татка, татка... забыў нас... пакінуў.\\ — Спі, засні, — суцяшае кабета, —\\ Спі, сынок, не твая гэта справа.\\ Спі, наш татка не прыйдзе,\\ На гэта\\ Ён не мае бацькоўскага права.\\ Ноч праходзіць,\\ Сонца ўзыходзіць,\\ Заспявалі жаўранкі ў полі.\\ Іх выводзяць салдаты\\ За краты.\\ Хлопчык рад і сонцу, і волі.\\ Іх салдат\\ Да сцяны прыстаўляе.\\ Цэліць кат\\ У льняныя галовы,\\ Пачынае\\ З сына Міная.\\ Стрэл.\\ Упаў хлапчук трохгадовы...\\ Кат ізноў пісталет узнімае...\\ На сцяне — заложнікаў цені...\\ \\ Вось і ўсё.\\ Перад бацькам Мінаем\\ Станьце, ўсе бацькі, на калені! **Адказы на пытанні:**\\ 1. Каб знішчыць партызанскага камандзіра, фашысты ўзялі ў заложнікі яго дзяцей і сястру, а калі ён не з’явіўся – бязлітасна расстралялі. Нельга нават уявіць, якімі патрэбна быць звярамі, каб застрэліць маленькіх дзяцей. Страшны, крывавы твар фашызму адкрываецца перад намі.\\ 2. Жыта – сімвал жыцця, міру. Нездарма меншаму хлопчыку яно сніцца: Сын у сне гаворыць аб жыце,\\ Па якому\\ Пойдзе дадому. Але ён не пойдзе дадому, чытач гэта разумее і ад гэтага кантрасту словы гучаць вельмі трагічна.\\ 3. "Разрывы" радкоў твора, часта на асобныя словы, дапамагаюць аўтару лаканічна, выразна, пранізліва-рэзка намаляваць страшную карціну гібелі дзяцей бацькі Міная.\\ 4. Кульмінацыя (вышэйшы момант напружання) балады – гэта слова "Стрэл".\\ 5. Апошнія радкі найлепей выказваюць аўтарскія адносіны да падзей: Вось і ўсё.\\ Перад бацькам Мінаем\\ Станьце, ўсе бацькі, на калені! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-цунамі]] * [[постаці/аркадзь-куляшоў]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-xамуціус]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-варшаўскі-шлях]]