~~META: title = Аркадзь Куляшоў — Балада аб знойдзенай падкове &keywords = сын, ляснік, бацька, год, дуб, справа, падкова, кут, зямлі &abstract = Верш Аркадзя Куляшова "Балада аб знойдзенай падкове" &iftrue = nan ~~ ====== Аркадзь Куляшоў — Балада аб знойдзенай падкове ====== Стук дзятла і зязюлі крык\\ Сустрэў вясёла ранне.\\ У гэты час знайшоў ляснік\\ Падкову на паляне.\\ \\ Хто тут згубіў яе? Вакол\\ Ні хутароў няма, ні сёл\\ На сорак кіламетраў\\ Сярод спрадвечных нетраў.\\ \\ Дарогі ў гэты кут лясны\\ Нікому невядомы.\\ Іх знае ён, яго сыны,\\ Але ж няма іх дома.\\ \\ Чацвёрты год, як родны кут\\ Іх галасоў не чуе,\\ Чацвёрты год, як вораг тут\\ На іх зямлі лютуе.\\ \\ Чый свежы след ад капыта\\ У іхняй пушчы згінуў?\\ Чый добры конь каля куста\\ Іх бацьку шчасце кінуў?\\ \\ Магчыма, што не конь, а лёс\\ Праехаў праз дуброву?\\ Магчыма, месячык з нябёс\\ Згубіў сваю падкову?\\ \\ Не дакраніся да яе,\\ Ляснік, а першай справай\\ Жаданні ёй скажы свае –\\ Жаданні стануць явай.\\ \\ Не стаў ляснік падковы браць,\\ Пайшоў ляснік дадому,\\ Усё ён можа пажадаць\\ Цяпер сабе самому.\\ \\ Зямлі? Не хочацца яму.\\ Багацця? Што багацце.\\ Палацаў? Можна аднаму\\ Жыць і ў сялянскай хаце.\\ \\ Унь вокны смела ў лес глядзяць,\\ Хіба мілей палацы?\\ Унь косы пад страхой вісяць –\\ Чацвёрты год без працы.\\ \\ Чацвёрты год грыміць вайна,\\ Аж чутны ў небе гукі.\\ Чацвёрты год як касільна\\ Сыны не бралі ў рукі.\\ \\ Падумаў бацька, што з вайны\\ Прыйсці б сыны павінны,\\ Павінны ў луг пайсці яны\\ Хаця б на паўгадзіны.\\ \\ Сказаць жадання не паспеў, –\\ Пачуўся гул з-за хаты,\\ Штыкі забліскалі між дрэў,\\ Загрукалі гарматы.\\ \\ І абвяшчае генерал –\\ У ім пазнаў ён сына –\\ Байцам дывізіі прывал\\ Не больш на паўгадзіны.\\ \\ Затарахцела сінява –\\ Яшчэ адна прыгода,\\ Ля самай хаты сеў У-2, –\\ Ляснік пазнаў пілота.\\ \\ Сын сыну ціскае руку,\\ Аб справах дакладае,\\ А бацька, стоячы ўбаку,\\ Усмешку ў вус хавае.\\ \\ Няхай пагутараць сыны\\ Пра справы, пра заданне,\\ Аднак не стрэліся б яны,\\ Каб не яго жаданне.\\ \\ Сыны гавораць аб касьбе,\\ Пра завадзі і плёсы,\\ Не верыць бацька сам сабе,\\ Хутчэй нясе ім косы.\\ \\ Скідае кіцель сын-пілот,\\ На ім – героя зорка,\\ Павесіў кіцель сын-пілот\\ На дубе, што на ўзгорку.\\ \\ За крокам крок,\\ Мігціць здалёк\\ Ім тая зорка з дуба.\\ Трава ў расе,\\ Вясёлы ўсе,\\ Ім змалку праца люба.\\ \\ Ім свеціць зорка перамог,\\ Ім ззяе сонца з неба,\\ Яны працуюць шчыра ўтрох,\\ Як быццам так і трэба.\\ \\ Сыны й не думаюць аб тым,\\ А бацька ім – ні слова,\\ Што не касіць бы сёння ім,\\ Каб не яго падкова.\\ \\ У лузе скошана трава,\\ Вісяць на дубе косы,\\ Над дубам тарахціць У-2,\\ Знікаючы ў нябёсы.\\ \\ Жаданы скончыўся прывал,\\ Сыноў чакаюць справы,\\ Павёў суровы генерал\\ Людзей на бой крывавы.\\ \\ Ён сцежак, што бягуць між дрэў,\\ Не зблытае ніколі.\\ А бацька? Бацька шчасця меў\\ У гэты дзень даволі.\\ \\ Калі апошні коннік знік\\ З ягонае дубровы,\\ Вярнуўся да куста ляснік,\\ Ды не знайшоў падковы.\\ \\ Яе кавалі кавалі,\\ Разведчыкі згубілі,\\ А сёння зноў яе знайшлі,\\ Да капыта прыбілі...\\ \\ Аб тым не ведаць лесніку,\\ Ён, здзіўлены, не знае,\\ Што іскры ўжо на бальшаку\\ Падкова высякае.\\ \\ Яна ж не ведае аб тым,\\ Удаль ляціць імкліва,\\ Што праз яе ў кутку глухім\\ Ляснік убачыў дзіва.\\ \\ Яна павезла шчасце ў свет,\\ У гарады, у сёлы,\\ І сцелецца за ёю ўслед\\ Дубровы шум вясёлы.\\ \\ Шумі, шумі, дуброва,\\ Звіні, звіні, падкова! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/паэзія-аркадзя-куляшова-яе-тэматыка-грам]] * [[ibdc.ped>цыркавы-нумар]] * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-балада-аб-чатырох-заложн]] * [[ibdc.ped>срэбная-падкова]] * [[постаці/аркадзь-куляшоў]]