~~META: title = Андрэй Федарэнка — Чабор &keywords = чабор, пахне, хмара, рэдкасць, маці, нюхаў, чабору, соткі, дождж, пісьменнік, плямку, сонечны &abstract = Чытаць апавяданне Андрэя Федарэнкі "Чабор" &iftrue = True ~~ ====== Андрэй Федарэнка — Чабор ====== Пражыўшы трыццаць два гады, я, беларус, вясковы чалавек, не ведаў, як выглядае чабор.\\ Што ж, нічога страшнага. Мне нават не сорамна. Напрыклад, вядомы ў XIX стагоддзі крытык і літаратуразнаўца А. Скабічэўскі, паводле яго ж слоў, «ніколі не бачыў, як расце жыта». Вялікі рускі паэт М. Някрасаў называў авадня чмялём (над статкам уецца «шмелей неугомонный рой»). Кандыдат на атрыманне Нобелеўскай прэміі пісьменнік Д. Меражкоўскі блытаў пілу з напільнікам. Яшчэ адзін пісьменнік – савецкі – Ю. Алеша, прызнаваўся: «Я ні разу, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, ні пазней, у дарослыя гады, – словам, ні разу за ўсё жыццё не чуў спеву салаўя. Для мяне гэта было хлуснёй, умоўнасцю – калі я сам гаварыў пра салаўя ці чытаў у іншых...»\\ Відаць, няведанне само па сабе не загана. Загана, гэта калі не ведаеш – і ведаць не хочаш. Саромеешся прызнацца, спытаць у людзей. А хто пытае, той, як вядома, не заблукае.\\ Пайшлі неяк з маткаю на соткі збіраць каларадскіх жукоў. Ліпеньскі сонечны дзень, але сонечны толькі з нашага боку, дзе соткі. А з другога, над лесам – хмара, чамусьці не чорная, не свінцова-сіняя, як яны бываюць, а чырвоная. З таго боку штораз грыміць гром.\\ I тут на мяжы я ўбачыў сінюю плямку, над якой таўкліся пчолы. Яшчэ не ведаючы, што гэта, спытаў у маці:\\ – Чабор?\\ – I праўда, чэбрык, – сама здзівілася маці. – Трэба ж, дзе,вырас!\\ – Хіба гэта рэдкасць?\\ – Рэдкасць, абы-дзе ён расці не будзе.\\ Вось і яшчэ адно апраўданне для мяне. Нашае мазырскае нізіннае Палессе чабор, аказваецца, не дужа любіць, расце, як я пазней прачытаў, у сухіх высокіх мясцінах, рэдкіх светлых сасновых барах.\\ Прысеўшы, я з цікавасцю пачаў разглядаць, мацаць і нюхаць гэтую несамавітую на выгляд расліну, пра якую напісаны вершы і складзены песні, якая з’яўляецца ледзь не сімвалам Беларусі поруч з васільком і шыпшынаю.\\ Чабор падобны на малады верас, з такімі ж сінімі кветкамі, толькі яшчэ драбнейшымі. Верас нават, як мне падалося, пахне мацней, саладчэй. Што ж так прываблівала да гэтага чабору пчол? 1х было мо штук дваццаць на невялічкую плямку. Я нарваў букецік, нюхаў, яшчэ і яшчэ, проста сілком уцягваў у сябе ягоны своеасаблівы водар.\\ I тады зразумеў – сапраўды, чаборам трэба надыхацца. Трэба, каб яго было многа, каб паветра настаялася на ім.\\ Так пахне воск, калі гарыць свечка. Так пахнуць старыя любімыя рэчы, на якія забыўся, а потым выпадкова натыкаешся на іх у шафе.\\ Так пахне штосьці далёкае, дарагое, страчанае калісьці даўно-даўно, але пах гэты дае надзею, што страчана не назусім...\\ Пакуль я разглядаў і нюхаў чабор, хмара падабралася бліжэй. Раптам з яе бліснула крывая маланка, затым рэзка і звонка стрэліла громам. Пайшоў «цыганскі» дождж. Бульбоўнік і трава ажылі пад буйнымі кроплямі, нібы хто кідаў гарох з неба: шлоп!-шпок!-шлоп!\\ Трэба было вяртацца дамоў.\\ Свяціла сонца, вісела над галавою дзівосная чырвоная хмара, сінеў у руцэ букецік чабору, на якім ехала вялікая пухнатая пчала, – не зважаючы ні на дождж, ні на чалавека, як ап’янелая, яна тыркалася і тыркалася ў сінія кветачкі, стараючыся не прапусціць аніводнае.\\ \\ \\ Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/андрэй-федарэнка/андрэй-федарэнка-пеля]] * [[творы/андрэй-федарэнка/андрэй-федарэнка-падслуханая-казка]] * [[творы/андрэй-федарэнка/андрэй-федарэнка-бляха]] * [[творы/андрэй-федарэнка/андрэй-федарэнка-шчарбаты-талер]] * [[творы/андрэй-федарэнка/андрэй-федарэнка-жаніх-па-перапісцы]]