Гэта старая версія дакумента!
Анатоль Грачанікаў — Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож...
Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож,
Свае ў яе віры і перакаты.
Апоўначы на сцішаныя хаты
Мядзведзіца схіляе зорны кош.
I ў першароднай цішыні наўкол
Я слухаю, прысеўшы на калоды,
Як вечнасць, асядаючы на дол,
Быцця зямнога запаўняе соты.
Гудуць у небе зоры, быццам восы,
Нябесная дыміцца сенажаць.
Нібы застагаваныя пакосы,
Над лесам хмары сонныя ляжаць.
А вёска спіць. Бязгрэшна. Ціхамірна.
Ад бальшакоў задымленых узбоч.
На ўсё жыццё запрэжаная ў свірны,
Перапаўзае жнівеньскую ноч.
Сапе смактухай успацелай глеба.
З дасвеццем праясняецца смуга.
Не трэба вёсцы дакучаць, не трэба.
Яна сама разбудзіць пастуха.
1967
Крыніца: Грачанікаў А. Верасень: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1984. – 142 с.
Падобныя старонкі
- нёман
- сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-пачатак
- ніна-мацяш/ніна-мацяш-жыла-была-рака
- эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-рэчка-рэчанька-мая
- якуб-колас/якуб-колас-каля-рэчкі