~~META: title = Анатоль Грачанікаў — Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож... &keywords = трэба, жыццё &abstract = Чытаць верш Анатоля Грачанікава "Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож..." &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Грачанікаў — Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож... ====== Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож,\\ Свае ў яе віры і перакаты.\\ Апоўначы на сцішаныя хаты\\ Мядзведзіца схіляе зорны кош.\\ I ў першароднай цішыні наўкол\\ Я слухаю, прысеўшы на калоды,\\ Як вечнасць, асядаючы на дол,\\ Быцця зямнога запаўняе соты.\\ Гудуць у небе зоры, быццам восы,\\ Нябесная дыміцца сенажаць.\\ Нібы застагаваныя пакосы,\\ Над лесам хмары сонныя ляжаць.\\ А вёска спіць. Бязгрэшна. Ціхамірна.\\ Ад бальшакоў задымленых узбоч.\\ На ўсё жыццё запрэжаная ў свірны,\\ Перапаўзае жнівеньскую ноч.\\ Сапе смактухай успацелай глеба.\\ З дасвеццем праясняецца смуга.\\ Не трэба вёсцы дакучаць, не трэба.\\ Яна сама разбудзіць пастуха.\\ \\ 1967\\ \\ Крыніца: Грачанікаў А. Верасень: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1984. – 142 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>нёман]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-пачатак]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-жыла-была-рака]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-рэчка-рэчанька-мая]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-каля-рэчкі]]