~~META: title = Анатоль Грачанікаў — Над Белай Руссю... &keywords = снег, белай, святло, прэч, руссю, белы &abstract = Чытаць верш Анатоля Грачанікава "Над Белай Руссю..." &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Грачанікаў — Над Белай Руссю... ====== Над Белай Руссю – белы снег,\\ Нібыта чыстае сумленне,\\ Нібыта светлае збавенне\\ За самы патаемны грэх.\\ \\ На досвітку запахне снег\\ Малінава-празрыстым сокам.\\ I сад, заружавелы ў сне,\\ Зазвоніць ціха каля вокан.\\ \\ Трывогу – прэч! Сумненні – прэч!\\ Табе адчуць памогуць гукі,\\ Што не было яшчэ сустрэч,\\ Што не было яшчэ разлукі,\\ \\ Што толькі ёсць адно святло,\\ Святло разлівістае снегу,\\ Што ўсё мінула і прайшло,\\ А роспачы – няма ні следу.\\ \\ Калі ж трывога паласне\\ Твае балючыя успаміны, –\\ Над Белай Руссю – белы снег\\ Ты прыгадай хоць на хвіліну.\\ \\ 1968\\ \\ Крыніца: Грачанікаў А. Верасень: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1984. – 142 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-першы-снег]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-з-першым-снегам]] * [[ibdc.ped>першы-снег]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-першы-снег]] * [[ibdc.ped>першы-снег-3700]]