творы:анатоль-грачанікаў:анатоль-грачанікаў-зімовы-дзень-звініць
Гэта старая версія дакумента!
Анатоль Грачанікаў — Зімовы дзень звініць
Зімовы дзень звініць, як звон,
Завейнай сцюжай загайданы.
Скаваў палеткі і паляны
Марозна летаргічны сон.
Ад светлай музыкі снягоў,
Якой так навакол замнога,
Расце, расце мая любоў
Да свету нашага зямнога.
Цячэ жыццё маё, цячэ.
I праз віры, парогі носіць.
Дзе спёкай сэрца прыпячэ,
Дзе злоснай сцюжай прымарозіць.
Але і там, на віражы,
Дзе я успыхваў, як камета,
Не абрывалася ў душы
Мелодыя зямнога света.
Патрэбна многа перажыць,
Патрэбна многа перабачыць,
Каб свет суровы палюбіць
I ўжо любоў не перайначыць.
Каб каля родных берагоў,
Зачараваны снежным дзівам,
Адчуць пад музыку снягоў
Сябе і вольным, і шчаслівым.
Падобныя старонкі
- цішка-гартны/цішка-гартны-зімовы-вечар
- зімой-у-лесе
- ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-на-каньках
- кастусь-жук/кастусь-жук-снежань
- кастусь-жук/кастусь-жук-беларуская-зіма
творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-зімовы-дзень-звініць.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1