~~META: title = Анатоль Грачанікаў — Зімовы дзень звініць &keywords = сцюжай, зямнога, цячэ, многа, снягоў, любоў, патрэбна, расце &abstract = Чытаць верш Анатоля Грачанікава "Зімовы дзень звініць" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Грачанікаў — Зімовы дзень звініць ====== Зімовы дзень звініць, як звон,\\ Завейнай сцюжай загайданы.\\ Скаваў палеткі і паляны\\ Марозна летаргічны сон.\\ \\ Ад светлай музыкі снягоў,\\ Якой так навакол замнога,\\ Расце, расце мая любоў\\ Да свету нашага зямнога.\\ \\ Цячэ жыццё маё, цячэ.\\ I праз віры, парогі носіць.\\ Дзе спёкай сэрца прыпячэ,\\ Дзе злоснай сцюжай прымарозіць.\\ \\ Але і там, на віражы,\\ Дзе я успыхваў, як камета,\\ Не абрывалася ў душы\\ Мелодыя зямнога света.\\ \\ Патрэбна многа перажыць,\\ Патрэбна многа перабачыць,\\ Каб свет суровы палюбіць\\ I ўжо любоў не перайначыць.\\ \\ Каб каля родных берагоў,\\ Зачараваны снежным дзівам,\\ Адчуць пад музыку снягоў\\ Сябе і вольным, і шчаслівым. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/цішка-гартны/цішка-гартны-зімовы-вечар]] * [[ibdc.ped>зімой-у-лесе]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-на-каньках]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-снежань]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-беларуская-зіма]]