~~META: title = Анатоль Грачанікаў — Гусак і Певень &keywords = Певень, куды, Гусак, бачылі &abstract = Чытаць верш Анатоля Грачанікава "Гусак і Певень" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Грачанікаў — Гусак і Певень ====== Певень аднойчы\\ Сказаў Гусаку:\\ – Пойдзем, мой дружа,\\ З табой на раку!\\ Ты – пехатою,\\ А я – палячу.\\ Плаваць і я\\ Навучыцца хачу.\\ \\ – Гэта выдатна, –\\ Прамовіў Гусак, –\\ Але калі ты\\ Надзейны дружбак,\\ На крылах да рэчкі\\ Мяне данясі,\\ А там ужо\\ Добра мяне папрасі...\\ \\ Узняліся у неба\\ Высока сябры.\\ Войкаюць\\ Куры і гусі ў двары:\\ – Куды вы?\\ – Куды вы?\\ – Куды вы?\\ – Куды?\\ О-го-го-го!\\ Не мінуць вам\\ Бяды!\\ \\ Бачылі вы,\\ Хоць бы раз,\\ Альбо не:\\ Гайдаецца ў Пеўня\\ Гусак на спіне.\\ Аслупянелі усе.\\ Нават і дзед,\\ Разявіўшы рот,\\ Пазірае\\ Услед. \\ Крыламі Певень\\ Штосілы махае,\\ Ды і Гусак той\\ Яму памагае.\\ Разам яны\\ Так да рэчкі дапялі.\\ Разам і ўпалі\\ Ў халодныя хвалі.\\ Певень храбрыцца,\\ Але ўсё адно\\ Вір яго цягне\\ На цёмнае дно.\\ Зубы драпежна\\ Ашчэрыў Шчупак...\\ Сябра ў бядзе\\ Не пакінуў Гусак.\\ \\ Бачылі вы,\\ Хоць бы раз,\\ Альбо не:\\ Певень плыве\\ Ў Гусака на спіне.\\ Гусі і куры\\ На беразе скачуць:\\ – Не, малайцоў такіх\\ Не перайначыць,\\ Не, не загінуць\\ Яны анідзе,\\ Бо дружбакамі яны\\ I ў бядзе! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-храбры-певень]] * [[творы/вацлаў-ластоўскі/вацлаў-ластоўскі-пад-старасць-адгукнецца]] * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-певень]] * [[творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-сонца-і-певень]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-кукарэку]]