~~META: title = Анатоль Вярцінскі — Тры цішыні &keywords = цішыня &abstract = Чытаць верш Анатоля Вярцінскага "Тры цішыні" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Вярцінскі — Тры цішыні ====== Аднекуль з касмічнай вышыні\\ зыходзяць да нас тры цішыні.\\ Першая — вечаровая.\\ Тая, што, як маг,\\ ахутвае, зачароўвае —\\ лёгкі ў мага ўзмах.\\ Тая, што на вейкі\\ i вусны кладзе пячаць:\\ "Хопіць з вас,\\ чалавекі,\\ хопіць дбаць!\\ Спаць спаць!\\ Спяць куты і нішы,\\ спяць каты і мышы,\\ дзеці і птушкі спяць.\\ Людзі, цішай, цішай!\\ Люлі, хопіць дбаць!\\ Спаць, спаць!\\ Чые там крокі скрыпяць!\\ Спаць, спаць!"\\ Ёсць цішыня-паўночніца,\\ начная цішыня.\\ Дум бяссонных памочніца,\\ вярхоўны іх старшыня.\\ Застацца з той цішынёю,\\ з ёю, сівой савой,—\\ стаць сутнасцю сваёю,\\ стаць самім сабой.\\ Застацца з ёю — гэта\\ у той увайсці сезам,\\ дзе сам-насам з сусветам,\\ з вечнасцю сам-насам.\\ І ёсць цішыня світальная,\\ ёсць яшчэ цішыня,\\ першага вітання,\\ першага агня.\\ Яна заводзіць гадзіннікі,\\ і разам з імі яна\\ пазвоньвае-падзіньквае,\\ і — трубіць цішыня.\\ Трубіць ціша світальная\\ у свой сярэбраны рог,\\ заве ў далі дальнія,\\ да новых спраў i дарог.\\ Трубіць ціша світальная,\\ крыштальная, развітальная,\\ i патанае яна\\ у вадаспадзе дня. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-цішыня]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-цётка-плакала-па-ўсім-]] * [[ibdc.ped>цішыня]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-рэквіем-па-кожным-чацв]] * [[ibdc.ped>чароўная-асенняя-пара]]