~~META: title = Анатоль Вярцінскі — Дзівак чалавек &keywords = дзівак, чалавек, мірыцца, дабро, бачыць, верыць &abstract = Верш Анатоля Вярцінскага "Дзівак чалавек" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Вярцінскі — Дзівак чалавек ====== Дзівак чалавек...\\ Глядзіць на расінку макавую,\\ а цэлае сонца\\ бачыць перад сабой.\\ Дзівак чалавек...\\ Бярэ звычайную ракавіну\\ і чуе ў ёй акіянскі прыбой.\\ Дзівак чалавек...\\ Бачыць сцяжынку гладкую,\\ а марыць аб трудных,\\ цярністых шляхах\\ з іх круцізною,\\ з іх небяспечнай загадкаю,\\ і будзе ісці,\\ пакуль мае сілу ў нагах.\\ Дзівак чалавек...\\ Са стратаю непапраўнаю\\ не мірыцца ён ні за што ў душы.\\ З няпраўдай не мірыцца,\\ і з крыўднаю праўдаю\\ не хоча мірыцца –\\ хоць кол ты на ім чашы.\\ Дзівак чалавек...\\ Яму шмат чаго адмовілі.\\ А ён не здаецца,\\ а ён не спіць па начах.\\ Ён верыць усё\\ ў свой перпетуум-мобіле,\\ у панацэю,\\ у цудадзейны рычаг.\\ Дзівак чалавек...\\ Яму – Хірасіму, Асвенцім,\\ яму, замест імя, –\\ асвенцімскае таўро.\\ А ён паўтарае,\\ што ёсць дабро на свеце,\\ што будзе дабро\\ і што пераможа дабро.\\ Дзівак чалавек...\\ Не можа не спадзявацца,\\ не можа не верыць,\\ не можа ніяк!\\ Дзівак чалавек...\\ I гэта яго дзівацтва –\\ ратунак яго,\\ яго чалавечы знак. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>чалавек-і-прырода]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-пра-ўваскрэсенне-душы-і-пе]] * [[ibdc.ped>рэкі-і-людзі]] * [[творы/міхась-кавыль/міхась-кавыль-чалавек]] * [[творы/якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-]]