~~META: title = Анатоль Вярцінскі — Дзве паралельныя прамыя &keywords = Вярцінскі, прамыя &abstract = Чытаць верш Анатоля Вярцінскага "Дзве паралельныя прамыя" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Вярцінскі — Дзве паралельныя прамыя ====== За школьнымі вокнамі\\ вецер вые...\\ Пра дзве паралельныя прамыя\\ гаворыць настаўнік,\\ ад холаду сіні.\\ На чорнай дошцы —\\ дзве белыя лініі,\\ якія ніколі не перасякаюцца,\\ якія нідзе не сустракаюцца...\\ "Няўжо гэта праўда?\\ Чаму — ніколі?" —\\ думаю я, ідучы са школы.\\ "Няўжо гэта праўда?\\ Чаму — нідзе?" —\\ думка з маёй галавы не ідзе...\\ Даўно адшумелі\\ школьныя ветры,\\ ды помню чамусьці\\ урок геаметрыі.\\ Перада мною\\ зноў, як жывыя,—\\ дзве паралельныя прамыя.\\ Бачу: ідуць у прасторы лініі,\\ нічога агульнага паміж імі.\\ Ідуць i маўчаць яны, нямыя,\\ дзве паралельныя прамыя.\\ Ідуць яны побач,\\ ідуць яны поплеч —\\ адна другую\\ не клічуць на помач.\\ Нібы пракляцце вісіць над імі,\\ над паралельнымі прамымі.\\ Будуць заўсёды яны чужыя,\\ яны — паралельныя прамыя.\\ Не суджаны ім сустрэчы праменныя,—\\ яны — прамыя,\\ яны — паралельныя.\\ Ад крыўды за вас\\ маё сэрца ные,\\ дзве паралельныя прамыя.\\ \\ *\\ Бачу ў мінуту азарэння:\\ падаюць вашы тры вымярэнні.\\ Падаюць вашы сцены і столі,\\ i — адкрываюцца прасторы.\\ Падаюць брамы вашы і дзверы.\\ Выходжу прама ў сінія сферы.\\ Выходжу ў сінія сферы бязмернасці,\\ вернасці вечнай i бяссмертнасці.\\ З быту выходжу, як з нябыту,\\ на сваю новую арбіту.\\ Тры вымярэнні, мы з вамі — квіты.\\ Вы — дрэнныя прарокі, эўкліды.\\ Падаюць крыўды і няпраўды.\\ Вы — дрэнныя прарокі, плаўты\\ Пакінем нявер'е і іронію.\\ Бачу вышэйшую гармонію.\\ Бачу: сустрэліся, як жывыя,\\ дзве паралельныя прамыя.\\ Бачу: заззялі, як праменныя,\\ тыя прамыя паралельныя... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-аналіз-творчасці]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-гавары-са-мной-ласкава]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-медсястры]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-рэквіем-па-кожным-чацв]] * [[творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-цётка-плакала-па-ўсім-]]