~~META: title = Анатоль Вярцінскі — Вечны сон, вечны звон &keywords = звінелі, хатыні, звінела, дзінь-дзінь, званы, звініць, каміны, хатынь, коні, вайны, звіняць, жывым, віна &abstract = Чытаць верш Анатоля Вярцінскага "Вечны сон, вечны звон" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Вярцінскі — Вечны сон, вечны звон ====== //Хатынскі трыпціх// \\ 1 Вы чулі, як у Хатыні\\ звоняць каміны?\\ Кроў у жылах стыне,\\ як слухаеш тыя званы.\\ Кроў у жылах стыне…\\ Слухаеш і маўчыш.\\ А наўкола – пустыня,\\ а наўкола – ціш.\\ толькі адны каміны,\\ толькі адны званы,\\ толькі адны яны…\\ 2 Дзінь-дзінь, дзінь-дзінь-дзінь… Што гэта звініць, Хатынь?\\ тут звінелі сініцы і палазы,\\ і звінелі жаўранкі ў паднябессі.\\ тут звінелі дзіцячыя галасы,\\ тут звінелі дзявочыя песні.\\ тут звінела пчала, і звінела піла,\\ і звінела каса, і звінела даёнка, і звінелі, на радасць ўсяго сяла,\\ тут вясельныя бомы звонка.\\ Дзінь-дзінь дзінь-дзінь-дзінь… Што гэта звініць, Хатынь?\\ Што значаць яны, твае званы?\\ ці гэта гучаць адгалоскі\\ той вёскі, што была да вайны,\\ той колішняй мірнай вёскі?\\ Дзінь-дзінь… Паслухайце, ці не едзе гэта вяселле недзе?\\ Ды хто нявеста і жаніх,\\ калі нікога няма ў жывых?\\ Дзінь-дзінь… А гэта не коні ў жытным? Ды коні патрэбны толькі жывым,\\ а мёртвым ніколі\\ не патрэбны коні.\\ Дзінь-дзінь… А гэта не сырадой цурчыць у даёнку з пенай густой?\\ Не, мёртвым сном у Хатыні\\ спяць усе гаспадыні.\\ Дзінь-дзінь… А гэта не юны смех, не голас дзіцячых забаў і ўцех?\\ Не, спалены усе дзеткі,\\ спалены ўсе малалеткі.\\ Дзінь-дзінь, дзінь-дзінь-дзінь… Што гэта звініць, Хатынь?\\ Што значыць тваіх каміноў перазвон? ці гэта звініць твой вечны сон?\\ ці, можа, у гэтым звоне –\\ вечнае бяссонне?\\ Дзінь-дзінь,\\ дзінь дзінь-дзінь…\\ 3 Звіняць, як калісь, на ўсю сваю сінь\\ сініцы і жаўрукі.\\ Але не чуе ніхто іх «дзінь-дзінь»,\\ ніхто не глядзіць з-пад рукі.\\ Узялі ў Хатыні слых,\\ зрабілі глухімі ўсіх.\\ Узялі ў Хатыні зрок,\\ далі Хатыні змрок…\\ Стаяць, як калісь, усцяж каміны\\ там, дзе былі двары.\\ Але не дымяць, а звіняць яны,\\ звіняць ад зары да зары.\\ Дзіўныя гэтыя каміны!\\ Дыміць бы весела ім,\\ грэць бы неба духам жывым,\\ цяплом жывым, а яны…\\ Ды ў гэтым няма іх віны.\\ Гэта віна вайны,\\ гэта віна вайны,\\ гэта яна, вайна, дала камінам званы. \\ 1969 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-над-спаленай-вёскай]] * [[творы/алесь-адамовіч/алесь-адамовіч-хатынская-аповесць]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-бусел-над-хатынню]] * [[ibdc.ped>званы-памяці]] * [[ibdc.ped>званы-хатыні]]