Гэта старая версія дакумента!
Анатоль Вярцінскі — Акіян і лужына
Я сказаў:
«Акіян – вялікая лужына»
Як усхадзіўся акіян!
Маўляў, пакрыўдзілі незаслужана,
абразілі акіянскі сан.
Як загудзеў, зашумеў раз’юшана,
як пагнаў за валам вал:
«Я вам пакажу, якая я лужына!
Я болей прывык да од і пахвал!»
Я моўчкі глядзеў, як шалее стыхія,
і думаў са скрухай:
«Вялікі такі,
а крыўдзіцца гэтак жа, як і другія,
як дробныя лужыны і ручайкі».
*
Я глядзеў, як хвалюецца лужына.
Бачыў я воблакаў караван,
бачыў у лужыне неба засмужанае.
– Лужына – мікраакіян.
Словы мае пачула лужына.
Лоб наморшчыла напружана
і пачала падрабляць свой зыб
пад акіянскую шыр і глыб.
Думала, што разлілася бязмежна,
што выйшла за берагі свае.
Я глядзеў і мне было смешна
і мне было сумна за яе.
Падобныя старонкі
- анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-рэквіем-па-кожным-чацв
- анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-аналіз-творчасці
- анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-гавары-са-мной-ласкава
- анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-цётка-плакала-па-ўсім-
- анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-медсястры