~~META: title = Анатоль Вялюгін — Прызнанне ў любові &keywords = словы, маці, навек, берлін, прабач, любові, першы &abstract = Чытаць верш Анатоля Вялюгіна "Прызнанне ў любові" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Вялюгін — Прызнанне ў любові ====== Я заўсёды баюся\\ напышлівых выцвілых слоў,\\ што звіняць,\\ як жабрацкая медзь\\ у асенняй журбе.\\ Столькі год на падбор\\ словы плавіць\\ гарачая кроў,\\ каб я мог\\ у любові, нарэшце,\\ прызнацца табе,\\ Беларусь –\\ мая маці і мова,\\ паветра і хлеб!\\ Гэта ўзважана сэрцам,\\ на нервах расстайных дарог,\\ дзе не раз пад агнём\\ задыхаўся ад дыму і слеп,\\ даставаўся здалёку,\\ слязою апёкшы парог.\\ \\ Я не помню,\\ якою парою\\ навек палюбіў:\\ калі верасам сінім\\ гарэлі трывожна лясы,\\ калі першы кляновік\\ з лядзінкамі вострымі піў,\\ калі скублі заснежаны стог\\ у зарэччы ласі,\\ ці тады,\\ як бахматы\\ пад чорнаю хмараю воз\\ асцярожна, дрыготка\\ ішоў па старому мастку,\\ і чаплялася сена\\ на вецце самлелых бяроз,\\ і маланак святло\\ апаліла душу хлапчуку?..\\ \\ Першы след.\\ Ён дагэтуль\\ за сенненскай вёскай відзён,\\ дзе прывабіў падпаска\\ ў рамонкавых росах папар.\\ Я ад першай радоўкі\\ чытаю да сённяшніх дзён\\ родных ніў і світанняў\\ хвалюючы мудры буквар.\\ Ды не ўявіш сягоння цябе\\ без гранітных абноў,\\ і пявучых турбін,\\ і вядомых у свеце машын,\\ без лясных генералаў\\ і трох Беларускіх франтоў,\\ што ішлі на Берлін\\ і пакінулі ў тыле Берлін.\\ Шчасце –\\ маці такую любіць,\\ гонар –\\ гэткую мець.\\ Падарожнік ці госць,\\ па нязнанай хаджу старане,\\ а скажу: «Беларусь...» –\\ пачынае ўся зала грымець:\\ акрылёнага славай тваёй,\\ сустракаюць мяне.\\ \\ Маеш верных сясцёр.\\ Ты шануеш іх дружбу, любоў,\\ абняла іх рукамі\\ галін зарунелых і рэк..\\ Залатымі вузламі\\ карэнне аршанскіх дубоў\\ так глыбока\\ з карэннем смаленскіх\\ сплялося навек.\\ \\ Маладая ў грымотах вясны,\\ ў сівізне завірух –\\ не стаміла работа цябе,\\ не зламала вайна.\\ Вечна будзеш такой.\\ I тады,\\ як самкнецца мой круг:\\ з салаўінае пушчы калыска,\\ з дрымотнага бору труна...\\ \\ Толькі зноў я ўзнімуся,\\ стамлёны паходам трубач,\\ каб уславіць твой сцяг\\ і тваю маладую хаду.\\ Можа, словы не тыя?..\\ Прабач мне, Радзіма, прабач –\\ для цябе, дарагая,\\ сапраўдныя словы знайду.\\ \\ 1958\\ \\ Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна]] * [[творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-белазорае-бабіна-лета]] * [[творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-сланечнік-з-прабітай-гал]] * [[творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-лета]] * [[творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-дзіва]]