~~META: title = Анатоль Вялюгін — На плошчы Незалежнасці &keywords = плошча, суботы &abstract = Чытаць верш Анатоля Вялюгіна "На плошчы Незалежнасці" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Вялюгін — На плошчы Незалежнасці ====== Ля хорама дзяржавы\\ Яліны і шынелі\\ На холадзе куржава\\ Дасвеццем заінелі.\\ \\ Здароў, сухі аўторак!\\ На сесіі сягоння\\ У ляманце разборак\\ Агніцца меч Пагоні.\\ \\ Ні меча, ні арала\\ Як след не браўшы ў рукі,\\ Гарлаюць генералы –\\ Акопнікаў унукі.\\ \\ А іх, штабных у зорках,\\ Што спрытна зарабілі, –\\ Як снегіроў на горкай\\ Аснежанай рабіне.\\ \\ Пасля крутой размовы\\ Аб мове і Расіі\\ Яны на час зімовы\\ Вакацый зноў прасілі.\\ \\ З аўторка да суботы\\ Пасля агнішча духу\\ На гойданках дрымоты\\ Дабрэла пасядуха.\\ \\ Сягоння ж ёй пабудка,\\ Парт-гвардыі Саветы, –\\ У сёдлах крэслаў пудка\\ Адкінуты газеты.\\ \\ На плошчу кліча плошча\\ Галосна а зубаста.\\ Калоціць залу пошчак\\ Прысуду плошчы:\\ – Баста!..\\ \\ Нямала ж перла бродам\\ Да вабных круч кар’еры,\\ Між імі і народам –\\ Міліцыі бар’еры.\\ \\ Не злічыш да суботы\\ Пад ветласцю жалезнай,\\ На колькі тысяч ботаў\\ Падкута незалежнасць.\\ \\ 1994 \\ Літаратура і мастацтва. 1994, 29 красавіка. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-незалежнасць]] * [[творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-дзіва]] * [[творы/анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна]] * [[творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-сланечнік-з-прабітай-гал]] * [[творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-лета]]