~~META: title = Анатоль Вялюгін — Летнік &keywords = летнік, лузе, спета &abstract = Чытаць верш Анатоля Вялюгіна "Летнік" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Вялюгін — Летнік ====== Скочыць палахліва\\ з-пад калёсаў заяц,\\ забубніць над грывай\\ у падлеску заедзь.\\ \\ Не трашчы, сарока, – возчык не паверне:\\ на лугах шырока\\ размахнуўся чэрвень.\\ \\ Люты чмель віецца\\ над чупрынай русай.\\ Шлях паўзе пад вецце\\ ў сеннай пацярусе.\\ \\ Апаўдні шчаслівы,\\ пачарнелы, потны\\ сенакос з абрыву\\ бухне ў вір дрымотны.\\ \\ Зарагоча нема,\\ сонцам паліваны.\\ Аблачынка з неба\\ на ручнік сарвана.\\ \\ Эх, дарога лета,\\ ціхі крон тумана...\\ Колькі песень спета\\ і недаспявана!\\ \\ Там, дзе ў лузе з любай\\ мёд пілі чмяліны,\\ закусілі губы\\ да крыві каліны.\\ \\ Луг – стаптаны кветнік –\\ пасівеў, завяўшы:\\ снег ляціць на летнік\\ і на песні нашы.\\ \\ 1959 \\ \\ Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>шчаслівая-ўсмешка-лета]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-лета]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-лета]] * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-плакала-лета-зямлю-пак]] * [[ibdc.ped>летам-у-бары]]