Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:анатоль-вялюгін:анатоль-вялюгін-белазорае-бабіна-лета

Гэта старая версія дакумента!


Анатоль Вялюгін — Белазорае бабіна лета...

Белазорае бабіна лета
у гародчыку расцвіло.
Пчолы, ўпіўшыся ў зрэнкі кветак,
зноў адчулі зямлі цяпло.

Ля шпакоўніцы на арабіне,
звонка славячы родны дом,
шпак,
сярэбраны ад павуціння,
як вясной,
трапеча крылом.

Ён не ведае, апантаны,
што нясуць маразы ўначы
з Ледавітага акіяна да
расонскіх азёр ключы.

Як жа сівер замкне азёры,
распране густалісты лес?
Паглядзі:
запаліць свае зоры
зноў наважыўся белы бэз.

Золкай ноччу духмянае вецце
стукне ў шыбу – харошы госць!
Так жыве ў пасівелым леце
вёсен вогненных маладосць.

1954


Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.

Падобныя старонкі

  • анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-сланечнік-з-прабітай-гал
  • анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-сады-зацвілі
  • анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна
  • анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-дзіва
  • анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-лета
творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-белазорае-бабіна-лета.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki