~~META: title = Анатоль Бутэвіч — Цікаўная котка &keywords = рыска, надзейка, тата, лапкамі, кватэры, цікаўнасць, пазірае, бліскучай, кіпцікамі, надзейчын, котка, рыскі, цацку &abstract = Чытаць апавяданне Анатоля Бутэвіча "Цікаўная котка" &iftrue = True ~~ ====== Анатоль Бутэвіч — Цікаўная котка ====== Жыла-была ў адной гарадской кватэры котка. За пярэсты колер поўсці назвалі яе Рыскай. Гаспадынька Надзейка не магла нацешыцца ёю, маленькай, пушысценькай, на кароткіх тоўстых ножках. Котка была вельмі цікаўная. Да ўсяго ў кватэры пільна прыглядалася, усё хацела пакратаць сваімі мяккімі лапкамі, паспрабаваць на зуб.\\ Бывала, залезе на стол, абнюхае ўвесь посуд і незнарок сапхне кубачак. А сама схаваецца пад канапу ці то ад шуму, ці то ад страху, каб не пакаралі.\\ А то зачэпіцца кіпцікамі за карункавую фіранку і гушкаецца, як на арэлях, пакуль разам з ёй не сарвецца на падлогу. I так заблытаецца ў тоненькай тканіне, што і вылезці без дапамогі Надзейкі не можа.\\ Іншым разам доўга пазірае на гульню рыбак у круглым акварыуме, а пасля ўскочыць на столік і лапкай драпае па шкле, нібыта спрабуе падагнаць рыбак, каб не ленаваліся хутчэй плаваць.\\ А то спалохана-здзіўлена пазірае на экран тэлевізара. I вельмі радуецца, калі Надзейка выключыць тых клыкастых пачвар-кракадзілаў, што спадцішка хапаюць сваю ахвяру.\\ Сапраўднае раздолле было Рысцы ў двары. Тут ужо цікавых рэчаў нюхаць – не перанюхаць, драпаць – не перадрапаць, кусаць – не перакусаць…\\ Ад усяго гэтага хадзіла Рыска з паколатым носікам, з абламанымі кіпцікамі і бруднымі лапкамі.\\ А неяк Надзейчын тата прыехаў дамоў на вялізнай бліскучай цаццы на чатырох колах. Пасля гэтага яны з татам ездзілі на машыне то ў лес, то на рыбалку, то да бабулі ў вёску. Рыску з сабой не бралі, пакідалі ў кватэры. Калі вярталіся, Рыска радасна круцілася вакол машыны. Часам ёй удавалася залезці на вялізную цацку і пабегаць па яе бліскучай паверхні. Пасля гэтага на белай фарбе заставаліся брудныя сляды, якія тата выціраў, ціха сварачыся на котку.\\ Але цікаўнасць перамагала, і Рыска залазіла на гэту цацку зноў. Яна зазірала праз выпуклае шкло ўсярэдзіну, дзе было яшчэ болей розных дзівосных забавак.\\ I вось аднойчы, калі Надзейчын тата забыўся зачыніць дзверцы, Рыска ціхенька залезла ў машыну. Ну і здаволіла ж яна сваю цікаўнасць, абнюхваючы і драпаючы незнаёмыя рэчы. У прадаўгаватым люстэрку, што вісела высока ўгары, убачыла… коціка, які ўважліва пазіраў на яе, нібыта запрашаў пазнаёміцца.\\ Рыска таксама зацікавілася гэтым пушысцікам. Захацелася наблізіцца да яго, панюхаць чырвоную пыску і паторгаць за доўгія вусы. Яна залезла на нейкі чорны абаранак, стала на заднія лапкі ужо зусім блізка той пушысцік, вось-вось дацягнецца да яго…\\ І раптам нешта пад лапкамі Рыскі як заверашчыць, як зойдзецца доўгім пранізлівым крыкам!\\ Рыска маланкай скацілася з чорнага абаранка, выскачыла з машыны і зашылася ў куст бэзу. Ледзьве выбавіла яе адтуль Надзейка.\\ Пасля таго здарэння Рыска доўга не падыходзіла да крыклівай цацкі. Надзейка заўважыла, што і да іншых рэчаў яна пачала адносіцца насцярожана.\\ Носік у Рыскі загаіўся, а кіпцікі на чыстых лапках сталі вострымі і бліскучымі.\\ Але ці надоўга? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-у-гасцях-у-вечнасці]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-каложская-царква]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-бярэсце]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-крэўскі-замак]] * [[творы/яўген-крупенька/яўген-крупенька-злезла-з-печы-котка-мурк]]