~~META: title = Анатоль Бутэвіч — Прыгоды лісціка-карунчыка &keywords = лісцік-карунчык, клёніка, надзейка, надзейчынай, дрэўца, брацікаў, галінкі, роднай, адзінока, дзяўчынка, надзейцы, клёнік, восень &abstract = Чытаць апавяданне Анатоля Бутэвіча "Прыгоды лісціка-карунчыка" &iftrue = nan ~~ ====== Анатоль Бутэвіч — Прыгоды лісціка-карунчыка ====== У агародзе, каля Надзейчынай хаты, рос маленькі клёнік у махнатай зялёнай шапцы. А на ім разам са сваімі брацікамі красаваўся і раскашаваў пад шчодрым сонцам лісцік-карунчык. Надзейка часта любавалася густалістым уборам клёніка. Калі ж надарылася засуха, яна ў сваім маленькім вядзерцы насіла ваду, палівала дрэўца. I тады лісцік-карунчык і яго браты ўдзячна шапацелі, нібыта дзякавалі Надзейцы за дапамогу.\\ Неўзабаве прыкаціла на рыжым кані барвова-квяцістая восень. Яна кожны дзень прыбірала ў чырвань і пазалоту дрэвы. Не абмінула сваімі чарамі і клёнік. Успыхнуў ён яркай чырванню, пачаў убор свой губляць. Лісцікі адрываліся ад дрэўца і, як гарэзлівая малеча, доўга гушкаліся на паветраных арэлях.\\ Толькі лісцік-карунчык усё трымаўся за дрэўца, цяжка было адрывацца ад роднай галінкі. Ён з сумам назіраў, як ягоныя брацікі ў вясёлым карагодзе кружыліся вакол клёніка.\\ У развагах, ваганнях і гушкані міналі дні. Усе больш і больш братоў лісціка-карунчыка ападала на зямлю. Толькі ён не мог вырашыць, што рабіць.\\ I вось лісцік-карунчык застаўся на дрэўцы зусім адзін. Цёмнай ноччу ён трымцеў ад пранізлівага халоднага ветру. Днём яго часта паласкалі дажджы. Няўтульна і адзінока стала лісціку-карунчыку. I не было каму паскардзіцца на свой горкі лёс.\\ Аднойчы да клёніка прыйшла Надзейка. Яна збірала з прыгожых лістоў букет. I тады лісцік-карунчык адважыўся. Ён заплюшчыў вочы, напружыніўся і… саслізнуў уніз.\\ Вецер імкліва падхапіў яго, тузануў і панёс угару так, што аж дух захапіла. Пасля лісцік-карунчык лёгка і плаўна закружыў у пругкім паветры.\\ Ён і не заўважыў, як трапіў у капюшон Надзейчынай курткі. Там было цёпла і ўтульна.\\ Дома мама распранала Надзейку і знайшла лісцік-карунчык.\\ – Што гэта ты тут схавала? – здзівілася яна.\\ – Гэта мне восень падарыла, – узрадавалася дзяўчынка.\\ А лісціку-карунчыку было нявесела. Надзейцы нават здалося, што ён паскардзіўся: «Мне сумна без братоў…»\\ – Ты пагрэйся ў нас, а ранічкай я аднясу цябе да тваіх брацікаў, – супакоіла дзяўчынка.\\ Назаўтра Надзейка прыбегла да клёніка. Але лісця пад ім ужо не было. Тата згроб яго і вынес з агарода.\\ На Надзейчынай далоньцы адзінока ляжаў лісцік-карунчык. На яго чырванаватым тварыку ірдзелі дзве маленькія кропелькі – ці то ён заплакаў ад жалю, ці то скаціліся самотныя расінкі-слязінкі з яго роднай галінкі.\\ – Не гаруй, – суцешыла Надзейка. – Перазімуеш у нашай хаце. А вясной я пакажу табе на клёніку зялёныя лісточкі – тваіх новых брацікаў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-крэўскі-замак]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-каложская-царква]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-мір-цыганская-сталіца]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-у-гасцях-у-вечнасці]] * [[творы/анатоль-бутэвіч/анатоль-бутэвіч-бярэсце]]