~~META: title = Анатоль Бутэвіч — Дуб-заступнік &keywords = жаўтароцік, чарнушка, домік, шпачаняты, навальніца, шпачанят &abstract = Чытаць казку Анатоля Бутэвіча "Дуб-заступнік" &iftrue = True ~~ ====== Анатоль Бутэвіч — Дуб-заступнік ====== \\ Навальніца разышлася не на жарт. Шпачаняткі Жаўтароцік і Чарнушка сядзелі ў сваім доміку адны. Мама з татам паляцелі па смачны пачастунак і не паспелі вярнуцца. Жаўтароцік і Чарнушка баяліся, што вецер сарве домік.\\ – Вось, каб дзядзька дуб абараніў нас, – прамовіў Жаўтароцік.\\ Малюнак Кацярыны Маслоўскай\\ – Ён жа так блізка! – згадзілася Чарнушка.\\ Нібы пачуўшы шпачанят, дуб лагодна зашамацеў, пасля нахіліўся да старой ліпы, на якой вісеў шпачыны домік. Ён так стараўся прыкрыць сабой шпачанят, што магутнае голле яго аж трашчала.\\ У гэты момант яркі бляск маланкі асляпіў птушанят. Вострая вогненная страла, здалося, трапіла ў шпакоўню. Страшэнны грукат грому, трэск дрэва абрынуліся на Жаўтароціка і Чарнушку. Шпачаняты аж знямелі ад страху. Яны заплюшчылі вочы і дрыжалі да таго часу, пакуль не сціхла навальніца.\\ Неўзабаве яркае сонца вясёлкава заіскрылася ў дажджавых кропельках. З асцярогай выглянулі нашы героі з доміка. Яны не пазналі магутнага дзядзьку-дуба. Неверагодная сіла распалавініла яго, абсмаліла шмат галін, нібы нажом распарола кару. А калі б маланка ўдарыла ў іхні домік?\\ Радаваліся шпачаняты – засталіся жывыя!\\ – Не бядуй, дзядзька-дуб, – супакойваў суседа Жаўтароцік. – Як вырасцем, мы загоім твае раны.\\ – Ага, – падтакнула Чарнушка. – І рассеем па лесе твае жалуды, каб болей вырасла ў бары спагадлівых дубкоў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>цар-дуб]] * [[творы/ядвігін-ш/ядвігін-ш-дуб-дзядуля-гдз]] * [[ibdc.ped>дуб-і-сасна-4804]] * [[творы/якуб-колас/казкі-жыцця/якуб-колас-як-птушкі-дуб-ратавалі]] * [[творы/ядвігін-ш/ядвігін-ш-дуб-дзядуля]]