Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:аляксей-якімовіч:аляксей-якімовіч-якая-літара-лепшая

Гэта старая версія дакумента!


Аляксей Якімовіч — Якая літара лепшая?

Сустрэліся Варанянятка і Верабейка, сталі літары пісаць. «Ч», – напісаў Верабейка. А Варанянятка сказала:
– Не падабаецца мне гэтая літара.
– Якая літара табе падабаецца? – пытаецца Верабейка.
– Мне падабаюцца тры літары «А», «Р», «К», – прамовіла Варанянятка. – Калі іх усе разам скласці, то вельмі прыгожа выходзіць. Вось паслухай: кар-р, кар-р …
– Табе зусім-зусім не падабаецца літара «Ч»? – засмуціўся верабейка.
Варанянятка яму:
– Зусім.
Пакрыўдзіўся Верабейка. Ён так стараўся, калі пісаў літару «Ч», а яна не спадабалася.
– Літара «Ч» мне нават спяваць дапамагае, – паціху прамовіў ён. – Паслухай: чык-чырык, чык-чырык …
– Дакажы, што яна лепшая, напрыклад, за літару «К», – сказала Варанянятка.
– Не ведаю, як даказаць, – сказаў Верабейка.
– Значыць, літара «Ч» горшая, – крыкнула Варанянятка.
Бег Шпачок. Пачуў ён спрэчку.
– Я дакажу, што літара «Ч» не горшае за літару «К», – сказаў.
– Паспрабуй, – натапырыла пер’е Варанянятка.
– Ёсць месяц, назва якога пачынаецца з літары «Ч», – сказаў Шпачок. – Калі б не было літары «Ч», то і не было б назвы гэтага месяца.
– Гэты месяц называецца чэрвень, – крыкнуў Верабейка.
– Ну і што, – прамовіла Варанянятка. – Ёсць … Ёсць слова «Кавун», якое пачынаецца з літары «К». Ведаеце, які ён салодкі!
Шпачок ў адказ:
– Ёсць слова «чый». Яно пачынаецца з літары «Ч». Слова «кавун» складаецца з двух складоў, а слова «чый» складаецца з аднаго.
Далей працягвае Шпачок:
– З літары «Ч» пачынаецца слова «часопіс».
– Калі б не было гэтага слова, то мы не ведалі б, што ёсць такія дзіцячыя часопісы, як «Вясёлка», «Бярозка». Цікавыя гэтыя часопісы? – падхапіў Верабейка.
– Цікавыя, – пагадзілася Варанянятка. – Але ж у слова «часопіс» і літара «А» ўваходзіць. Не было б літары «А» – не было б гэтага слова.
А Шпачок:
– Не было б літары «Ч» – не было б гэтага слова.
– Выходзіць, усе літары патрэбныя? – здзівілася Варанянятка.
– Няма лепшай? Няма горшай?
– Усе патрэбныя, – сказаў Шпачок. – Няма лепшай, няма горшай. Усе літары ў словах дружна, ладна жывуць.
– І нам трэба дружна, ладна жыць! – усклікнуў Верабейка.
– Дзякуй табе, Шпачок, за навуку, – сказала Варанянятка.
– Да пабачэння. – крыкнуў Шпачок і пабег.
І Верабейка з Вараняняткам, спяваючы, няспешна пакрочылі па сцяжынцы. Цікавіцеся: як спявалі яны? Варанянятка каркала: «Кар-р, кар-р…» Верабейка чырыкаў: «Чык-чырык, чык-чырык…»

Падобныя старонкі

творы/аляксей-якімовіч/аляксей-якімовіч-якая-літара-лепшая.1755963669.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki