~~META: title = Аляксей Якімовіч — Якая літара лепшая? &keywords = варанянятка, верабейка, літары, слова, шпачок, літара, чык-чырык, месяц, падабаецца, літару, часопісы, цікавыя, часопіс &abstract = Апавяданне Аляксея Якімовіча "Якая літара лепшая?" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Якімовіч — Якая літара лепшая? ====== Сустрэліся Варанянятка і Верабейка, сталі літары пісаць. "Ч", – напісаў Верабейка. А Варанянятка сказала:\\ – Не падабаецца мне гэтая літара.\\ – Якая літара табе падабаецца? – пытаецца Верабейка.\\ – Мне падабаюцца тры літары "А", "Р", "К", – прамовіла Варанянятка. – Калі іх усе разам скласці, то вельмі прыгожа выходзіць. Вось паслухай: кар-р, кар-р ...\\ – Табе зусім-зусім не падабаецца літара "Ч"? – засмуціўся верабейка.\\ Варанянятка яму:\\ – Зусім.\\ Пакрыўдзіўся Верабейка. Ён так стараўся, калі пісаў літару "Ч", а яна не спадабалася.\\ – Літара "Ч" мне нават спяваць дапамагае, – паціху прамовіў ён. – Паслухай: чык-чырык, чык-чырык ...\\ – Дакажы, што яна лепшая, напрыклад, за літару "К", – сказала Варанянятка.\\ – Не ведаю, як даказаць, – сказаў Верабейка.\\ – Значыць, літара "Ч" горшая, – крыкнула Варанянятка.\\ Бег Шпачок. Пачуў ён спрэчку.\\ – Я дакажу, што літара "Ч" не горшае за літару "К", – сказаў.\\ – Паспрабуй, – натапырыла пер’е Варанянятка.\\ – Ёсць месяц, назва якога пачынаецца з літары "Ч", – сказаў Шпачок. – Калі б не было літары "Ч", то і не было б назвы гэтага месяца.\\ – Гэты месяц называецца чэрвень, – крыкнуў Верабейка.\\ – Ну і што, – прамовіла Варанянятка. – Ёсць ... Ёсць слова "Кавун", якое пачынаецца з літары "К". Ведаеце, які ён салодкі!\\ Шпачок ў адказ:\\ – Ёсць слова "чый". Яно пачынаецца з літары "Ч". Слова "кавун" складаецца з двух складоў, а слова "чый" складаецца з аднаго.\\ Далей працягвае Шпачок:\\ – З літары "Ч" пачынаецца слова "часопіс".\\ – Калі б не было гэтага слова, то мы не ведалі б, што ёсць такія дзіцячыя часопісы, як "Вясёлка", "[[ibdc.ped>з-гісторыі-бярозкі|Бярозка]]". Цікавыя гэтыя часопісы? – падхапіў Верабейка.\\ – Цікавыя, – пагадзілася Варанянятка. – Але ж у слова "часопіс" і літара "А" ўваходзіць. Не было б літары "А" – не было б гэтага слова.\\ А Шпачок:\\ – Не было б літары "Ч" – не было б гэтага слова.\\ – Выходзіць, усе літары патрэбныя? – здзівілася Варанянятка.\\ – Няма лепшай? Няма горшай?\\ – Усе патрэбныя, – сказаў Шпачок. – Няма лепшай, няма горшай. Усе літары ў словах дружна, ладна жывуць.\\ – І нам трэба дружна, ладна жыць! – усклікнуў Верабейка.\\ – Дзякуй табе, Шпачок, за навуку, – сказала Варанянятка.\\ – Да пабачэння. – крыкнуў Шпачок і пабег.\\ І Верабейка з Вараняняткам, спяваючы, няспешна пакрочылі па сцяжынцы. Цікавіцеся: як спявалі яны? Варанянятка каркала: "Кар-р, кар-р..." Верабейка чырыкаў: "Чык-чырык, чык-чырык..." ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]]