~~META: title = Аляксей Якімовіч — Хто самы добры? &keywords = пеця, ваня, алесь, добры, старых, шкадую, людзей, дарогу, жанчына &abstract = Чытаць апавяданне Аляксея Якімовіча "Хто самы добры?" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Якімовіч — Хто самы добры? ====== Каля пешаходнага перахода на гулкай гарадской вуліцы паспрачаліся сябры-трэцякласнікі Ваня, Пеця і Алесь.\\ – Я самы добры, – сказаў Ваня. – Я вельмі шкадую старых людзей. Яны часта такія бездапаможныя!\\ – Я самы добры, – не пагадзіўся з Ванем Пеця. – Я вельмі шкадую адзінокіх старых людзей. Ім іншы раз пагаварыць няма з кім.\\ – Я самы добры... – пачаў Алесь.\\ Але Ваня перапыніў яго:\\ – Ты лепей памаўчы. Учора задачу па матэматыцы не даў спісаць. З-за цябе перад настаўніцай прыйшлося апраўдвацца.\\ – Так, так, – падтакнуў Пеця.\\ – Самому трэба рашаць задачы. Будзеш спісваць – ніколі матэматыку не вывучыш, – ціха прамовіў Алесь.\\ З-за рога дома, мацаючы металічным кіем дарогу, выйшла сівая жанчына і накіравалася на пешаходны пераход.\\ А па дарозе суцэльным патокам машыны імчацца, злосна гудзяць.\\ – Куды яна ідзе? – усклікнуў Ваня. – Зялёны агонь святлафора яшчэ не загарэўся.\\ – У яе кепскі зрок! – здагадаўся Пеця. – Мама неяк казала, што людзі з кепскім зрокам заўжды ходзяць з кійком.\\ Стаяць Ваня і Пеця, дзівяцца. А Алесь падбег да жанчыны і дакрануўся да яе рукі.\\ – Пачакайце, не пераходзьце дарогу! Зараз я вас перавяду. Вы мне дазволіце?\\ Жанчына павярнула галаву да хлопчыка і ўсміхнулася. Калі б яна чула нядаўнюю спрэчку, то, напэўна, здагадалася б, хто тут самы добры. І вы здагадаліся? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]]