~~META: title = Аляксей Якімовіч — Сябры &keywords = алесь, рыгорка, мама, дзённік, двойка, настрой, вывучылі, памножыць, вучыць, косця &abstract = Чытаць апавяданне Аляксея Якімовіча "Сябры" &iftrue = True ~~ ====== Аляксей Якімовіч — Сябры ====== Алесь па матэматыцы атрымаў двойку. Гэтую двойку настаўніца Вера Іванаўна ў дзённік яму паставіла.\\ Хлопчык прыйшоў дамоў, разгарнуў дзённік, на двойку глянуў і сціснуў кулакі.\\ – У-у-у! З-за цябе маме настрой сапсую.\\ Алесю вельмі хацелася па двойцы кулаком стукнуць. Ды што з таго! Усё роўна з дзённіка яна не ўцячэ. І балець ёй не будзе.\\ Алесь закрыў дзённік і задумаўся. Што зрабіць, каб маме настрой не псаваць? Відаць, з сябрамі трэба параіцца. Яны нешта падкажуць, дапамогуць.\\ Алесевы сябры – Косця і Рыгорка – непадалёку жывуць. Ён заўжды з Косцем і цукеркамі, і пячэннем падзеліцца. А з Рыгоркам у адной футбольнай камандзе гуляе.\\ Прыйшоў Алесь да Косці, запытаўся:\\ – Што зрабіць, каб двойка маме настрой не сапсавала? Парай!\\ – Дзённік схавай.\\ – Мой дзённік мама кожны вечар правярае. Яшчэ горш будзе, калі даведаецца, што схаваў.\\ – Думай! На тое галава ў цябе. А мне адпачыць трэба. Стаміўся я, – сказаў, як адрэзаў, Косця.\\ Алесь апусціў галаву і да Рыгоркі накіраваўся.\\ – Рыгорка, мая двойка па матэматыцы маме настрой сапсуе. Што рабіць?\\ – Табліцу множання вывуч і маме сёння ж раскажы. Калі аднаму цяжка, разам павучым, – прапанаваў Рыгорка.\\ – Ты, напэўна, не адпачыў пасля ўрокаў, – сказаў Алесь.\\ – Адпачыў, не хвалюйся.\\ Цяжка ўздыхнуў Алесь:\\ – Што ж, будзем вучыць. Ты ў мяне пытайся, а я буду адказваць. Так лягчэй запамінаецца.\\ Рыгорка і Алесь селі на канапу. "Два памножыць на пяць". "Дзесяць". "Два памножыць на сем". "Шаснаццаць". "Не, чатырнаццаць. А колькі будзе два памножыць на восем?" "Шаснаццаць".\\ Вывучылі на "два", на "тры" пачалі вучыць.\\ – Можа, на сёння хопіць? У футбол трэба пагуляць, – уздыхнуў Алесь.\\ – Мы ж з табою дамовіліся! – напомніў Рыгорка.\\ Зноў сталі вучыць. На "два" вывучылі, на "тры" вывучылі і нават на "чатыры". Усё-ўсё вывучылі, што Вера Іванаўна на дом задала.\\ Радасна на душы ў Алеся, радасна на душы ў Рыгоркі.