~~META: title = Аляксей Якімовіч — Па дарозе са школы &keywords = кладку, бабуля, алесь, ручай, парэнчы, ручая, хлопчыкі, бабулю, перагаворваючыся &abstract = Чытаць апавяданне Алеся Якімовіча "Па дарозе са школы" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Якімовіч — Па дарозе са школы ====== Цёплым вясновым днём хлопчыкі-аднакласнікі вярталіся са школы. Хутка будзе ручай, а там і вёска побач, рукою падаць.\\ Перагаворваючыся, жартуючы, яны непрыкметна падышлі да ручая.\\ – Наш ручай сёння вунь як разліўся! – заўважыў Косця.\\ – Высокая вада кладку можа знесці, – занепакоіўся Алесь.\\ І сапраўды, вясенняя паводка сарвала кладку.\\ Да хлопчыкаў падышла бабуля. Яна, відаць, ужо даўно адпачывала тут.\\ – У госці да ўнучкі сабралася... Што рабіць, не ведаю, – бабуля бездапаможна развяла рукамі.\\ Хлопчыкі адышліся убок.\\ – Давайце абыдзем ручай, – прапанаваў Рыгорка.\\ – Мы абыдзем, а бабуля і да вечара да сваёй унучкі не дабярэцца, – не пагадзіўся Алесь.\\ – Трэба новую кладку зрабіць! – рашуча рассёк рукою паветра Вова. – Хіба адна бабуля ў вёску ідзе? Уяўляеце, што будзе тут, калі сцямнее?\\ – Давайце знойдзем бервяно і зробім кладку, – падтрымаў Вову Алесь.\\ Бервяно ляжала каля ручая. Хлопчыкі ледзь змаглі падняць яго: цяжкае вельмі. Так-сяк прынеслі і перакінулі на другі бераг. Рыгорка зірнуў на бабулю і сказаў:\\ – Яшчэ парэнчы трэба зрабіць.\\ На абодвух берагах ручая хлопцы ўбілі ў зямлю калкі, а парэнчы прымацавалі да іх лазою.\\ – Пераходзьце, не бойцеся, – запрасіў бабулю Алесь і першым праз кладку перабег, каб бачыла бабуля, што кладка надзейная.\\ Жанчына асцярожна ступіла на кладку, узялася рукамі за парэнчы і, перайшоўшы на другі бераг, падзякавала:\\ – Дзякуй вам, дзеткі.\\ Весела перагаворваючыся, аднакласнікі пабеглі ў вёску. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]]