~~META: title = Аляксей Якімовіч — Ножык &keywords = дзіма, нітку, ножык, верабейка, кішэні, перарэжу, верабейку, прагаварыў, разумее, шкадую &abstract = Чытаць апавяданне Аляксея Якімовіча "Ножык" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Якімовіч — Ножык ====== Упёршыся абедзвюма рукамі, Дзіма адчыніў шэрыя металічныя дзверы пад’езда і выйшаў на двор.\\ Непадалёку на асфальце шчыльным колам стаяць хлопчыкі з суседніх пад’ездаў. Як відаць, захопленыя нейкай цікавай гульнёй, яны дружна і весела рагаталі.\\ Дзіма намацаў у кішэні ножык і цвёрдым, упэўненым крокам накіраваўся да хлопцаў.\\ Ножык-складанчык сёння Дзіму падарыў тата.\\ – Вось табе мой падарунак, грыбнік, – сказаў, усміхнуўшыся.\\ Так, Дзіма часта з бацькам ходзіць у грыбы, любіць іх збіраць, асабліва баравікі, падасінавікі.\\ Цяпер у яго, як у сапраўднага грыбніка, ёсць ножык. Зараз ён пакажа яго хлопцам, быццам незнарок выцягнуўшы з кішэні. Канешне, яны здзівяцца і, напэўна, пазайздросцяць яму.\\ Дзіма наблізіўся да сяброў і ад неспадзеўкі шырока расплюшчыў вочы, падобныя на два чорныя гузічкі.\\ У цэнтры жывога кола на кукішках сядзеў Дзімаў аднакласнік Юра (яны сёлета перайшлі ў чацвёрты клас) і двума пальцамі трымаў тонкую белую нітку, якая была прывязана за левую лапку маленькага натапыранага верабейкі.\\ – Вы тут што робіце? – вырвалася ў Дзімы.\\ Пачуўшы Дзімаў голас, верабейка ўстрапянуўся і прыўзняў ускудлачаны хвост, як бы намерваючыся ўзляцець у неба.\\ «Ён зразумеў, што я яго шкадую, спадзяецца, што дапамагу», – падумаў Дзіма і мацней сціснуў у кішэні гладкую, адпаліраваную ручку ножыка.\\ – Мы гуляем! – павёў шырокімі плечукамі Юра і з сілай пацягнуў за нітку.\\ Верабейка нязграбна бокам упаў на асфальт і затрапятаў правай лапкай, намерваючыся скінуць з левай абрыдлую нітку.\\ Хлопцы зарагаталі, загудзелі, усцешаныя, а верабейка прыўстаў і затрос цёмна-шэрай галоўкай. На ягоным горлачку, прабіваючыся праз ускудлачанае пер’е, захадзіла, запульсавала нейкая жылачка. Бываючы з бацькам у лесе, Дзіма не раз і не два назіраў за птушкамі, любаваўся імі, слухаў іхнія спевы.\\ – Чуеш, сынок, як стараюцца сябры нашы меншыя? – аднаго разу заўважыў бацька.\\ «Меншым звычайна дапамагаюць большыя. Выходзіць, мы, людзі, птушкам павінны дапамагаць», – тады адзначыў пра сябе Дзіма.\\ – Птушка, камячок пер’я, можна сказаць, а таксама нешта разумее, – зірнуўшы на Дзіму, важна, як знаўца, прагаварыў Юра.\\ Дзіма нагнуўся, хацеў паглядзець верабейку, а ён зусім сцяўся , прыціснуўся да зямлі.\\ – Разумее, баіцца! – засмяяўся Юра, паказаўшы шчыльныя, востранькія зубкі.\\ Дзімава рука застыла ў паветры.\\ – Ты як яго злавіў?\\ Вераб’і, ведаў Дзіма, птушкі хітрыя, асцярожныя, у рукі не даюцца.\\ – Акно на кухні адчыніў і крошак хлеба на стол насыпаў. Ён пазіраў, пазіраў здалёку, не вытрымаў і заляцеў на кухню. Тут я з кута выскачыў і шапкай яму як даў! З першага разу пацэліў, не верыш? Думаў, што забіў ці пакалечыў. Аж не! Як бачыш, жывы, цэленькі застаўся, – кароткім тоўстым пальцам Юра дакрануўся да белай папярочнай палоскі на крыле.\\ Верабейка адкрыў дзюбку і жаласна ціўкнуў.\\ – Просіцца, каб выпусціў, – зноў важна, як знаўца, прагаварыў Юра.\\ – А ты выпусці! Выпусці яго! – падхапіў Дзіма і дастаў з кішэні новенькі бліскучы ножык. – Я нітку перарэжу, давай.\\ – Бацька купіў яму ножык, у грыбы будуць хадзіць, – выказаў здагадку адзін з хлопчыкаў.\\ – Але, – кіўнуў галавою Дзіма і прамовіў з надзеяй: – Я перарэжу?\\ Юра надзьмуў шчокі. Ягоны твар стаў падобны на спелую порхаўку.\\ – Шкадуеш вераб’я?\\ – Шкадую, – прызнаўся Дзіма.\\ – Свой ножык мне аддай, назусім. За ножык выпушчу.\\ Хлопцы перасталі гаманіць, сцішыліся.\\ «Вух!» – з грукатам зачыніліся ў пад’ездзе цяжкія металічныя дзверы.\\ Дзіма ўздрыгнуў.\\ – Аддасі? – напомніў Юра. Па ягоным загарэлым ілбе прабегла маршчынка, падобная на павуцінку.\\ Дзіма непрыкметна змахнуў рукавом дзве слязінкі, што набеглі на вочы-гузічкі.\\ – Ну! – прыўстаў Юра.\\ – Аддам, але спачатку нітку на лапцы перарэжу.\\ Дзіма ўзяў верабейку і вострым лязом ножыка асцярожна разрэзаў на лапцы туга завязаную нітку. Затым адышоў убок, падкінуў птушку ўгору і ціха сказаў:\\ – Ляці, верабейка! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]]