~~META: title = Аляксей Якімовіч — Неслух &keywords = Сланечнік, Кроп, Цыбуля, гарбуз &abstract = Чытаць апавяданне Аляксея Якімовіча "Неслух" &iftrue = True ~~ ====== Аляксей Якімовіч — Неслух ====== На агародзе, за старым плотам, жылі Сланечнік, Кроп і Цыбуля. Памыюцца, бывала, расою, з цёплым сонейкам павітаюцца і пачынаюць адзін аднаму розныя гісторыі расказваць. І пра тое, як сюды, на агарод, трапілі, і пра тое, як з зямлі вырасталі, падымаліся.\\ Прачнуліся аднойчы рана-раненька, і высокі Сланечнік усклікнуў:\\ – А ў нас новы сусед!\\ Прыгледзеліся Кроп і Цыбуля: сапраўды, ляжыць каля плота, у разорцы, штосьці кругленькае, зялёнае, паласатае.\\ – Мячык гэта, – расчаравана прамовіла Цыбуля.\\ – І праўда, – падтрымаў яе Кроп. – Відаць, суседская дзяўчынка забылася.\\ – Давайце спытаемся, мячык ён ці не, – прапанаваў Сланечнік і, сагнуўшыся ў паклоне, прывітаўся: – Добры дзень, сусед. Як цябе завуць?\\ – Гарбуз, – нясмела адказаў той.\\ – Чаго ты ў разорцы хаваешся? Да нас ідзі, – паклікала Цыбуля.\\ – Баюся, – ледзь чутна прашаптаў Гарбуз.\\ Ён быў яшчэ маленькі і таму ўсяго-ўсяго на свеце баяўся: і сярдзітай пчалы, і калючага асоту, і нават звычайнага матыля.\\ – Які ён паласаценькі! – усклікнуў у захапленні Сланечнік.\\ – Які ён кругленькі! – дадаў Кроп.\\ – Якое ў яго прыгожае імя! – шчыра пазайздросціла Цыбуля.\\ Хваляць Сланечнік, Кроп і Цыбуля, новага суседа, не нацешацца ім. А ён слухае ды гонару набіраецца. Асмялеў, з разоркі выскачыў:\\ – Я самы спрытны, я самы дужы! Я і на плот магу залезці!\\ – Навошта на плот лезці? – дзівіцца Сланечнік. – Няўжо табе з намі сумна?\\ – Разаб’ешся, – папярэджвае Кроп. – Хіба не бачыш, што ў плоце слупы струхнелыя?\\ Гарбуз і слухаць не хоча. Ад гонару як на дражджах расце. Учапіўся хвосцікам за штыкетнік і пакарабкаўся наверх.\\ – Куды ты? – крычыць Кроп.\\ – Злазь хутчэй, – просіць Цыбуля. – Упадзеш. Вунь які ты тоўсты!\\ Не слухае Гарбуз суседзяў, лезе на плот і хваліцца:\\ – Я ўсё магу. Я самы дужы, я самы спрытны!..\\ І тут падняўся моцны вецер, па агародзе памчаўся. Нахіліліся да зямлі Сланечнік, Кроп і Цыбуля, ад ветру схаваліся. Мінуў іх вецер, на плот наляцеў. Не вытрымалі струхнелыя слупы, паваліўся плот, а за ім – Гарбуз на зямлю грукнуўся. Ды так моцна, што адразу на кавалкі разляцеўся. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]]