~~META: title = Аляксей Якімовіч — Вось дык суседзі! &keywords = зайка, бальніцу, чарапаха, дзік, воўк, зубр, прывітанне, мядзведзь, ліса, завыў, галаву, паляне, лапку &abstract = Чытаць апавяданне Аляксея Якімовіча "Вось дык суседзі!" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Якімовіч — Вось дык суседзі! ====== Здарылася з Зайкам няшчасце. Бег ён па сцяжынцы, наступіў на востры сучок і параніў лапку. Забралі яго ў лясную бальніцу.\\ Тыдзень, другі ляжыць Зайка – ніхто з суседзяў не наведвае.\\ Прыляцела ў лес Варона, закрычала:\\ – Непр-рыгожа! Непр-рыгожа!..\\ Сапраўды, непрыгожа. Сабраліся звяры на паляне, каб вырашыць, каму да Зайкі ў бальніцу ісці.\\ – Жонка ў мяне захварэла, кашляе, – кажа Мядзведзь. – Прасіла, каб малінніку наламаў... Можа, ты яго наведаеш, Ліса? Помніш, летась на дзень нараджэння Зайка табе пуховую пярыну падарыў?\\ Закруціла Ліса хвастом:\\ – Нара ў мяне пасля дажджу абвалілася. Трэба рамантаваць. Няхай Воўк збегае. Зайка яму новы кажух аддаў, не пашкадаваў.\\ Завыў Воўк:\\ – Дома ваўчаняты сядзяць галодныя. У краму пабягу... Няхай Дзік наведае Зайку. Той заўсёды яго жалудамі частаваў.\\ – А хіба Зубру ён не дапамагаў сена касіць? – зарохкаў Дзік. – Няхай Зубр і сходзіць у бальніцу. У мяне вунь бульба на полі някопаная.\\ – У мяне атава някошаная, – апусціў галаву Зубр.\\ Ад шуму ды крыку прачнулася Чарапаха. Яна тут, на паляне, спала. Пытае:\\ – Чаго спрачаецеся, паважаныя?\\ – Зайка лапку параніў, – загаварыў Мядзведзь. – Ужо два тыдні ў бальніцы ляжыць.\\ – Бедны Зайка! – пашкадавала Чарапаха. – Сумна яму там аднаму.\\ – Схадзіла б ты да яго, ад мяне прывітанне перадала, – хітра прыжмурылася Ліса.\\ – Добра, – пагадзілася Чарапаха. – Пайду.\\ – Скажы, што і я люблю яго, – напомніў Мядзведзь.\\ – I ад мяне перадай прывітанне, – рохкнуў Дзік.\\ – I ад мяне, – падняў галаву Зубр.\\ А Воўк завыў на ўсё горла:\\ – I ад мяне не забудзься!.. Пацікаўся, як кормяць яго.\\ – Не хвалюйцеся. Ад усіх перадам прывітанне. Скажу Зайку, што вельмі чулыя і добрыя ў яго суседзі, – прамовіла Чарапаха і, павярнуўшыся, папаўзла паціхеньку ў бальніцу.\\ Мабыць, і цяпер яшчэ да Зайкі дабіраецца. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]]