~~META: title = Аляксей Якімовіч — Аб чым спрачаліся кнігі &keywords = падручнік, дзеці, матэматыкі, бібліятэкі, геаграфія, спеваў, прывезлі, бібліятэку, слоўнік, кнігі, тлумачальны, забяруць, геаграфіі, дамоў &abstract = Чытаць апавяданне Аляксей Якімовіча "Аб чым спрачаліся кнігі" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Якімовіч — Аб чым спрачаліся кнігі ====== У школьную бібліятэку прывезлі новыя кнігі.\\ – Мы аж дзвесце кіламетраў праехалі, пакуль сюды трапілі. Мае вокладкі нават пылам пакрыліся, – незадаволена прабурчаў Падручнік Матэматыкі.\\ – Куды гэта нас прывезлі? Скажыце мне, сябры! – занепакоіўся Падручнік Спеваў.\\ Падручнік Геаграфіі важна кашлянуў і паведаміў:\\ – У школу, даражэнькі. У бібліятэку.\\ – Я так марыў у школу трапіць! – узрадаваўся падручнік Спеваў. – Неўзабаве мяне дзеці забяруць, дамоў панясуць. Надакучыла стаяць на цеснай палічцы.\\ Лічыш, што цябе першага дзеці забяруць? – пацікавіўся Падручнік Матэматыкі.\\ – Канешне, – адказаў Падручнік Спеваў. – Я шмат песень ведаю. А дзеці любяць спяваць.\\ – Я тут самы галоўны, – не пагадзіўся Падручнік Матэматыкі. – Я вучу аднімаць, складаць, множыць, дзяліць. Мяне першага забяруць з бібліятэкі.\\ – Задавака! – абурыўся Падручнік Геаграфіі. – Я самы патрэбны. Дзеці без мяне нават у лесе заблудзяцца, дарогу дамоў не знойдуць. I пра горы, і пра моры, і пра акіяны я ім раскажу.\\ – Шмат аб сабе не ўяўляйце! – падаў голас Тлумачальны Слоўнік – Без мяне ніхто з вас не растлумачыць, што такое матэматыка, што такое геаграфія. Я, вядома, самы патрэбны. Мяне і ў друкарні самым першым выпусцілі.\\ Гамоняць кнігі, спрачаюцца. Тоўсты Тлумачальны слоўнік пачаў штурхацца. Мабыць, моцнай сваркай скончылася б гэтая спрэчка, калі б у бібліятэку не забег рыжавалосы хлопчык\\ – Ніна Іванаўна, у вас ёсць Матэматыка? – яшчэ з парога запытаўся ў загадчыцы бібліятэкі.\\ Падручнік Матэматыкі звысоку глянуў на сябрукоў.\\ – Я вам што казаў?\\ – Прывезлі Матэматыку, стаіць на паліцы, – сказала загадчыца бібліятэкі. – Табе, Міхась, напэўна, і геаграфія патрэбна?\\ – I Геаграфія, і Спевы, і Тлумачальны Слоўнік, – таропка прагаварыў Міхась.\\ Кнігі слухаюць і дзівяцца. Зусім разгубіліся: не ведаюць, якая з іх найбольш патрэбная, карысная. Што ж, яны яшчэ ні разу не былі ў класе, і шмат чаго ім невядома. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат]] * [[творы/алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла]]