~~META: title = Аляксей Пысін — Іван-чай &keywords = тройчы, будай, узышлі, чырвань &abstract = Верш Аляксея Пысіна "Іван-чай" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Іван-чай ====== Вабіць незнаёмая дарога,\\ І сабе ты скажаш: прыкмячай.\\ А калі дарог на свеце многа,\\ Друг мой, Іван-чай?\\ \\ Ды тваіх, смаленскіх, не забуду\\ У снягах, дажджах і сіняве.\\ Тройчы адбівалі вёску Буду,\\ Тройчы паміралі за яе.\\ \\ А пад Будай – хлопцы пахаваны,\\ А пад Будай – многія сябры.\\ Аляксеі, Віктары, Іваны...\\ Гліна коўзкая. Падзол сыры.\\ \\ Узышлі травой і гарыцветам,\\ Узышлі на радасць ці жальбу?\\ Вунь Іван стаіць па-над кюветам,\\ Галавой ківае: «Вось жыву.\\ \\ Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны;\\ Восем куль было – крывёю сцёк.\\ Скора восень. Каркаюць вароны.\\ Жоўты каля ног маіх лісток.\\ \\ Хочаш – пачастую нашым чаем,\\ Я ж цяпер навекі вадахлёб».\\ Не, Іване, з чаем – пачакаем,\\ Закурыць не лішне нам было б.\\ \\ Мы цыгарку скруцім па-былому,\\ Пусцім шызы дым на правады.\\ Першая зацяжка – мне, жывому,\\ Бо занадта ў сэрцы гаркаты.\\ \\ Чырвань, чырвань, колер праваты...\\ \\ 1964 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-домскі-арган]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-забыта-многае-ў-жыцці]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-пісьмо-птушак]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-туман]]