~~META: title = Аляксей Пысін — Яшчэ не скончана дарога... &keywords = людзей, дарога &abstract = Верш Аляксея Пысiна "Яшчэ не скончана дарога..." &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Яшчэ не скончана дарога... ====== Яшчэ не скончана дарога\\ І хочаш думаць аб зямным.\\ Не пакідай мяне, трывога,\\ Будзь спадарожнікам маім.\\ \\ Ты дай адчуць дыханне хмары,\\ З якою едзе градабой,\\ Пазнаць між радасных на твары\\ І тых, хто з смуткам і журбой. \\ Каб без разліку і без платы\\ Падаць руку таму, хто брат, Бо незваротныя ёсць страты,\\ І сам я чымсьці вінават.\\ \\ Былі б сягоння мы намнога\\ І прыгажэй, і маладзей, Каб паважалі больш, чым бога,\\ Для нас народжаных людзей.\\ \\ Трымаю споведзь, не маленне,\\ Бо і сябе я не бярог.\\ І мой суддзя – маё сумленне\\ Прад даллю будучых дарог.\\ \\ Не папрашу ў яго амністый,\\ Ні парушынкі не ўтаю,\\ Хачу абноўленай і чыстай\\ Аддаць людзям любоў сваю.\\ \\ 1963 г.