~~META: title = Аляксей Пысін — Трывога ў бары &keywords = касцёр, сосны, хмары, трывогу, мора, хмарка, агонь, пажар, кусты, крылы, вятрыска, паток, дрэў, бяды &abstract = Чытаць верш Аляксея Пысіна "Трывога ў бары" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Трывога ў бары ====== Завіталі хлопцы ў бор\\ I расклалі там касцёр.\\ Быў спачатку ён маленькі,\\ Быццам жоўты матылёк,\\ Потым выпырхнуў са жменькі\\ I ў галлё сухое – скок!\\ I смяецца, і трапеча,\\ Хлопцам ён амаль па плечы.\\ Хлопцы хвораст падкідалі,\\ Як язычнікі, скакалі.\\ Забаўляліся, дурэлі,\\ Покуль бровы абгарэлі.\\ Узялі свае кійкі\\ I – дадому нацянькі.\\ \\ А касцёр? Ён задаецца,\\ На сасновы бор злуецца:\\ – Мне не трэба адпачынак,\\ Дайце палак і галінак,\\ Дайце тоўстых мне калод,\\ Павяду свой карагод.\\ Не дасцё – па лісцях скокну,\\ Падыду да дрэў высокіх,\\ Дабяруся да смалы,\\ Абдыму агнём ствалы.\\ \\ Сосны к ветру – з угаворам:\\ – Уратуй ты ад бяды.\\ Дзесьці хмарка ёсць пад морам,\\ Добра, каб яе сюды.\\ Крылы разгарнуў вятрыска,\\ Паімчаўся ён з-пад дрэў.\\ Ці далёка, а ці блізка\\ Хмарку лёгкую сустрэў.\\ – Хмарка любая, паслухай,\\ Плачуць сосны у бары.\\ Ты зрабі, зрабі паслугу,\\ Мора ў бочкі набяры!\\ Трэба хутка, хутка, хутка –\\ Пагражае злы касцёр.\\ Хмарка глянула з-пад хусткі\\ Ды паклікала сясцёр.\\ * * * I, пачуўшы трывогу,\\ Паплылі на падмогу\\ З мора Чорнага\\ Хмаркі шчодрыя,\\ З мора Белага\\ Хмаркі смелыя,\\ I азоўскія,\\ I балтыйскія,\\ I высокія,\\ I нізкія.\\ Едуць, едуць сто хмар\\ На вялікі пажар.\\ Толькі грукат і гром,\\ Пацямнела кругом.\\ * * * Кружаць хмары па-над борам:\\ – Дзе той дым,\\ Дзе той дым?\\ Вось мы зараз пагаворым\\ З дымам тым,\\ З дымам тым!\\ Мы пажар тушыць умеем.\\ Дзе агонь,\\ Дзе агонь?\\ Кінем пругкія струменні\\ На яго,\\ На яго.\\ Кружаць хмары нізка, нізка,\\ Аж чапляюцца за сук.\\ – Падмануў ты нас, вятрыска,\\ Ах, свавольнік, ах, блазнюк!\\ Толькі тоненькі дымочак,\\ Аніякае бяды,\\ I навошта столькі бочак\\ Прыцягнулі мы тады?\\ Жартаваць не ўмееш, брат, ты,\\ Не даруем мы віны...\\ \\ – Гэта сосны вінаваты,\\ Хай адказваюць яны!\\ I пытаюць хмары злосна:\\ – Вы скажыце праўду, сосны,\\ Хто трывогу узнімаў,\\ Хто ганца к нам пасылаў?\\ – Мы трывогу\\ Узнімалі.\\ Мы ганца ў дарогу\\ Слалі.\\ * * * На ялінцы ля палянкі\\ Ёсць гняздзечка берасцянкі.\\ Чула птушка, як касцёр\\ Выхваляўся знішчыць бор,\\ I ўступіла ў бойку з ім.\\ Засцілаў ёй вочы дым,\\ А смурод\\ Лез у рот.\\ Берасцяначка лятала\\ Ды ігліцу адмятала\\ I адносіла лісты\\ За ядлоўцавы кусты.\\ У крынічку каля дубу\\ Брала кропельку у дзюбу,\\ Залівала галавешку,\\ Каб не выбіўся на сцежку\\ Ды не выбег у гушчар\\ Неўтаймованы пажар.\\ Абпаліла крылы,\\ Выбілася з сілы.\\ \\ А касцёр яшчэ жывы,\\ Хоць і ніжай ён травы.\\ Падымаецца дымок,\\ Не здаецца аганёк.\\ Кажуць хмары берасцянцы:\\ – Ты зрабіла што магла,\\ Вось мы пройдзем па палянцы\\ I агонь зальём датла.\\ Сойдзе дым, і сойдзе чад,\\ Ну, ляці да птушанят.\\ \\ Хлынуў лівень шчодры, цёплы,\\ Мые дрэвы і кусты.\\ I зліліся хутка кроплі\\ У адзін паток густы.\\ Не паток,\\ А патоп.\\ Крэкча дуб:\\ – Душ мне люб.\\ Па каленкі\\ Ў лужах елкі.\\ Ўсё бярозы\\ Мыюць косы.\\ А ядловец\\ Пену ловіць.\\ \\ I няма, няма трывогі,\\ Рады дрэвы і кусты.\\ Чыста вымыты дарогі,\\ Па каторых пойдзеш ты\\ У шчаслівую часіну\\ Па суніцы і маліну.\\ \\ 1962 г.\\ \\ Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-туман]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-домскі-арган]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-пісьмо-птушак]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-забыта-многае-ў-жыцці]]