~~META: title = Аляксей Пысін — Ручнікі &keywords = ручнікі, ружы &abstract = Чытаць верш Аляксея Пысіна "Ручнікі" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Ручнікі ====== Вышывала маці... У руках,\\ Як вясёлкі, ніткі мільгацелі.\\ Клаліся на белых ручніках\\ Роднай нівы фарбы і адценні.\\ \\ Расцвіталі ружы і ляны\\ Ў непаўторных веснавых узорах.\\ Упляталіся напевы, сны,\\ Промні сонца і далёкіх зорак.\\ \\ Дочкі і сыны ў жыццёвы шлях\\ Гэты дар – благаславенне бралі;\\ У партызанскіх баравых лясах\\ Ручнікі на ранах абгаралі;\\ \\ Тлелі пад снягамі і дажджом\\ На магільным помніку\\ Герою.\\ Сёння ў хатах многіх над Сажом\\ Ўзоры тыя ж зіхацяць зарою.\\ \\ На далёкім полі цаліны\\ Выцірае хлопец твар спацелы,\\ За паўсвета ў свет,\\ За край лясны\\ Ручнікі, як птахі, заляцелі.\\ \\ Крылы ільняныя... Ручнікі...\\ Ружы незавялыя і краскі...\\ Прыкладзешся вільгаццю шчакі,\\ Быццам матчыну адчуеш ласку.\\ \\ 1956 г.\\ \\ Крыніца: Пысін А. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. І. Вершы / [Прадм. Р. Бярозкіна]. – Мн.: Маст. літ., 1980. – 304 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>ручнік-у-вясельных-абрадах]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-наш-беларускі-ручнік]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-расшытае-крыжыкамі]] * [[ibdc.ped>беларускі-ручнік]] * [[ibdc.ped>повязь-часоў-беларускі-ручнік]]