~~META: title = Аляксей Пысін — Петрык і сонца &keywords = петрык, сонца, гром, добры, маці, сказаў, салют, вочы &abstract = Чытаць верш Аляксея Пысіна "Петрык і сонца" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Петрык і сонца ====== Грэе сонца, вее ветрык,\\ Траўка ўмылася расой.\\ Пазяхае часта Петрык,\\ Кепскі ў Петрыка настрой.\\ Фіззарадкай не займаўся,\\ Не ўмываўся, не ўціраўся,\\ Ні сцяжынкі, ні дарогі\\ Малышам ён не даваў,\\ З добрай раніцай нікога\\ Петрык не павіншаваў.\\ \\ Сонца ласкава свяціла,\\ Не змаўкаў пчаліны звон.\\ Толькі хлопцу ўсё не міла,\\ Не ўсміхнецца нават ён.\\ Парасят загнаў на градкі,\\ Вераб’ёў страляў з рагаткі.\\ Вось даяркі мыюць вёдры,\\ Маці Петрыкава тут.\\ Петрык не сказаў «дзень добры»,\\ Закрычаў: – Салют, салют!\\ \\ Змрок вячэрні. Прахалода.\\ Ў садзе не шумяць лісты.\\ Bee вільгаццю з балота.\\ Асядае пыл густы.\\ Пастухі прыгналі статак.\\ Маці спаць кладуць дзіцятак.\\ Пад вярбою каля дому\\ Петрык многіх сустракаў,\\ Ды нікому, ды нікому\\ «Добры вечар» не сказаў.\\ * * * Петрык спаў. I ўбачыў:\\ Сонца\\ Лезе ў хату праз аконца,\\ Пачынае строгі допыт:\\ – Хіба ранак быў не добры?\\ Хіба дзень мой быў не добры?\\ Хіба вечар быў не добры?\\ Ты ж нікога не вітаў\\ З добраю парою\\ I нікому не жадаў\\ Добрага настрою.\\ Не хацеў маіх даброт?\\ Будзе ўсё наадварот!\\ * * * Зранку неба ўслалі хмары,\\ Дзесь паблізу гром ударыў.\\ Петрык з ложка як ускочыць.\\ Стаў ён вочы праціраць,\\ Ды маланка слепіць вочы,\\ Вокны ад грымот звіняць.\\ Гром грукоча, гром рагоча:\\ – Можа, Петрык, выйсці хочаш?\\ Барабаніў дождж па даху,\\ Біў пярун з усіх гармат.\\ Петрык енчыў, ныў ад страху –\\ Навальніца не на жарт.\\ Сонца ў небе не відно:\\ Раззлавалася яно.\\ \\ 1962 г.\\ \\ Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-хто-памагае-сонцу]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-усход-сонца]] * [[ibdc.ped>гімн-жыццю]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-галоўны-дворнік]] * [[ibdc.ped>сонца-не-стаіць-на-месцы]]