~~META: title = Аляксей Пысін — Лясная газета &keywords = кураняткі, цымбалы, кратовы, птушкі, сасну, струны, пасыльныя, друкар, сонца, хаткі, газета, акуляры, друкуецца, стукат &abstract = Чытаць верш Аляксея Пысіна "Лясная газета" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Лясная газета ====== Што за стукат і грукат\\ У бары-гушчары?\\ То газета друкуецца\\ На сасновай кары.\\ \\ У берэце чырвоным,\\ Што зіхціць, нібы жар,\\ Завіхаецца дзяцел –\\ Ён галоўны друкар.\\ \\ Выбівае ўсе знакі –\\ За радочкам радок,\\ Ставіць коскі і кропкі,\\ Толькі чутна: чок-чок!\\ \\ А маленькія птушкі –\\ Пасыльныя ў яго,\\ Весткі-чуткі прыносяць\\ З наваколля ўсяго.\\ \\ Вось апошняя кропка –\\ Самы звонкі удар:\\ Сваю справу закончыў\\ Працавіты друкар.\\ \\ Абвяшчаюць з сасны на сасну\\ Пасыльныя:\\ – Калі ласка, чытайце\\ «Навіны лясныя»!\\ \\ Сыч ціхутка прыляцеў,\\ У дупле ён не ўсядзеў.\\ Развітаўся ён са сном,\\ Ужо бачыць сыч і днём,\\ Бо ў аптэцы на базары\\ Падабраў ён акуляры.\\ \\ Просьба птушак тут усіх:\\ – Ты чытай нам, сыч, услых!\\ – Ёсць умова, каб мяне\\ Не перабівалі.\\ I чытае гучна сыч\\ \\ Пра\\ **мядзведзевы цымбалы**\\ Пашчапаў сасну пярун,\\ Нарабіў ён многа струн.\\ Струны новенькія,\\ Струны тоненькія,\\ Ёсць пявучыя,\\ З сонца вітыя,\\ Ёсць грымучыя,\\ Басавітыя.\\ \\ Прыйшоў мішка таўстапалы:\\ – Вельмі здатныя цымбалы!\\ \\ Б’е па струнах, а ў бары\\ Падпяваюць камары.\\ Усміхнуўся сыч ледзь-ледзь:\\ – Вынаходлівы мядзведзь.\\ Хай жа гукі звонка льюцца,\\ Паглядзім, якія **люцікі** Кураняткі жаўтаротыя\\ Выйшлі, бестурботныя,\\ Да рачулкі на лужок,\\ На зялёны муражок.\\ А з-за рэчкі шух-шух,\\ Вылятае каршук.\\ Ой бяда, ой бяда,\\ Толькі луг ды вада,\\ Дзе схавацца?\\ Кураняткі не ўцякалі,\\ Люцікамі сталі,\\ Не баяцца.\\ Заўважаюць гэта птушкі,\\ Шчабятушкі і пяюшкі.\\ – Малайчыны, кураняткі!\\ – Што далей?\\ **Кратовы хаткі** На паляне, дзе палаткі, –\\ Пад зямлёй кратовы хаткі.\\ Тут няма ніколі сонца,\\ Бо – ніводнага аконца.\\ Павукі з маткамі ходзяць,\\ Правады свае наводзяць,\\ Каб па тых па правадах\\ Пад дзірван – таўшчэзны дах –\\ Электрычнае святло\\ Паплыло.\\ Значыць, будзе святлей\\ I у падзямеллі.\\ Сыч чытае далей **паведамленні** У вавёркі Веры –\\ Рамонт кватэры:\\ Змяніла шпалеры,\\ Вокны і дзверы.\\ Ёсць на кладоўках\\ Новыя стрэхі,\\ Каб не намоклі\\ Грыбы і арэхі. * * * Праз густыя лясы\\ Да Трох Калод\\ Пракладаюць ласі\\ Водаправод. * * * Сёння у аленя\\ Дзень нараджэння.\\ На імянінах –\\ Статак ласіны. * * * Браканьер на паляванне\\ Выйшаў з стрэльбай на паляну,\\ А зайцы напалі,\\ Стрэльбу адабралі. * * * Выхваляецца дзік,\\ Што ён з’есць маладзік. * * * Весткі з базару:\\ Сыч купіў акуляры.\\ Сыч ажно ўсміхнуўся:\\ – Жонцы пахвалюся,\\ Бо не жарты гэта –\\ Трапіў я ў газету.\\ \\ Зноў звініць кара сасновая,\\ Стукат не змаўкае.\\ То друкуецца новая\\ Газета лясная.\\ \\ 1962 г.\\ \\ Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-забыта-многае-ў-жыцці]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-туман]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-пісьмо-птушак]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-домскі-арган]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]]