~~META: title = Аляксей Пысін — Кавылёк &keywords = кавылёк, вярблюд, горб, камандзір, кухня, скача, скок, повар, добры, буланы, спіне, кухні, конь, маршал &abstract = Чытаць паэму Аляксея Пысіна "Кавылёк" &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Кавылёк ====== Раскажу я вам, унукі,\\ Ды не казку, а быль.\\ Хто з вас ведае, скажыце,\\ Што такое кавыль?\\ Рос калісьці ён усюды\\ На маўклівай цаліне.\\ А расказ мой пра вярблюда,\\ Пра вярблюда на вайне.\\ \\ Не за дальнімі гарамі,\\ А бліжэй – па гэты бок –\\ Папаўняўся на Урале\\ Запасны гарматны полк.\\ Кожны дзень у нас вучэнне:\\ Ваяваць – патрэбна ўменне,\\ Каб без промаху\\ Біць па ворагу,\\ Не паліць дарэмна пораху.\\ Скажа камандзір: «Выдатна!»,\\ Калі ты страляеш трапна,\\ Бранябойным падаб’еш\\ Танк, што выйдзе на рубеж.\\ Вельмі дрэнна – недалёт,\\ Вельмі дрэнна – пералёт,\\ Падвядзе няўмека фронт.\\ Падышоў да вартавога\\ У будзёнаўцы башкір\\ I пытае нават строга:\\ – Хто таварыш камандзір?\\ Вартавы размоў не любіць:\\ – Тут, дзядуля, не базар:\\ Ну куды вядзеш вярблюда?\\ Адыдзі пад ясакар!\\ Дзед на хлопца наступае:\\ – Што ж, па-твойму, я шпіён?\\ Я ў самога, брат, Чапая\\ Ў бой вадзіў свой эскадрон.\\ Маю ордэн за геройства,\\ На мяне ты не крычы.\\ Цяжка нашым там, на фронце,\\ Я хачу дапамагчы.\\ Сам стары я, не вайсковы;\\ Вось вярблюда аддаю,\\ Ён вынослівы, здаровы, Службу ведае сваю.\\ \\ Так застаўся з намі\\ Верблюдок.\\ Мы яго назвалі\\ Кавылёк.\\ \\ У абозе папаўненне,\\ Ў строй становіцца вярблюд.\\ Толькі коні ў недаўменні:\\ Што яму патрэбна тут?\\ Гарачыцца конь буланы:\\ – З гэткім горбам ты – у строй?\\ Дабраволец ці прызваны,\\ А ці проста па пастой?\\ \\ Конь пярэсты збоку глянуў:\\ – Не твая, браток, вярста:\\ Ані выпраўкі, ні стану,\\ Ані грывы, ні хваста.\\ \\ Ты, хітруга, вельмі ласы\\ На казённыя прыпасы,\\ На армейскі правіянт,\\ I, напэўна, сімулянт?\\ \\ – Доўга будзеце смяяцца?\\ Што благога вам зрабіў? –\\ I пачаў вярблюд плявацца\\ Так, што вочы заляпіў.\\ \\ Коні голавы схілілі,\\ Адчуваючы віну:\\ I чаго не падзялілі, –\\ Разам пойдуць на вайну.\\ * * * То па полі, то па лесе\\ Эшалон\\ Бярэ разгон.\\ I вярблюд таксама едзе,\\ У вярблюда свой вагон.\\ Пакідае стэп і лета,\\ Кавыля сухога звон.\\ Едзе, едзе без білета –\\ На вайсковай службе ён.\\ \\ Ад байцоў яму пашана,\\ I на станцыі любой, –\\ А ці позна, а ці рана, –\\ Усе к яму наперабой:\\ \\ – Кавылёк, Кавылёк,\\ Пасмакчы сухарок.\\ \\ Носяць сена: – Кавылёк,\\ Гэта твой паёк!\\ I – з брызентавым вядром:\\ – Вось вады мы набяром.\\ – Кавылёк, Кавылёк,\\ Ну яшчэ адзін глыток...\\ \\ Едзе, едзе Кавылёк,\\ Едзе тыдзень, едзе два...\\ Ой, кавыль-кавылёк,\\ Горкая трава.\\ * * * Паласа прыфрантавая,\\ Паравоз адпачывае.\\ Выгружаюцца салдаты,\\ I спускаюцца па дол\\ Тапкі, коні і гарматы, –\\ Войска, войска навакол.\\ Запрагайся,\\ Кавылёк,\\ У гарматны\\ Перадок.\\ * * * У тапках смуглыя танкісты,\\ Каля гармат\\ Артылерысты.\\ На маршы крочыць\\ Кавылёк,\\ Гармату цягне\\ Верблюдок.\\ Каляіны –\\ Бы ў пустыні,\\ Гарады –\\ Адны руіны.\\ Дрэвы звалены,\\ Вёскі спалены.\\ Толькі прысак\\ Ды жарства,\\ Пажаўцела\\ Ўся трава.\\ * * * Вось сустрэча дык сустрэча,\\ Конь буланы цягне воз.\\ – Добры вечар!\\ – Добры вечар!\\ – Ты, напэўна, вадавоз? –\\ Здзекліва вярблюд пытае,\\ Аж губу ён скапыліў:\\ Не забыта крыўда тая,\\ Як з яго буланы кпіў.\\ \\ Дзеці беглі на дарогу,\\ Ўсе глядзелі як на цуд.\\ Век не бачылі такога,\\ Каб сігаў тут сам вярблюд.\\ Сваё веданне яны\\ На хаду паказвалі:\\ – Хто у Афрыцы?\\ – Сланы.\\ – А вярблюд?\\ – У Азіі.\\ \\ – Ты адкуль?\\ – З Уральскіх гор.\\ – А навошта\\ Носіш горб?\\ – Горб не лішні на спіне,\\ Горб патрэбен на вайне,\\ Горб – мой рэчавы мяшок,\\ Што набіт па вузялок.\\ * * * Размясціліся ў ляску\\ Пры дарозе-бальшаку.\\ Самалёт фашысці «рама»\\ З чорным крыжам на баку.\\ Кружыць\\ Над прывалам\\ Прама,\\ Выглядае, што ў ляску?\\ Свіст жалезны,\\ Немы віск –\\ Паляцелі\\ Бомбы\\ Ўніз.\\ \\ Нібы ў час землетрасення\\ Скалыхнуўся наш лясок.\\ Сосны падаюць з карэннем,\\ Трэскі,\\ Гліна\\ I пясок.\\ \\ Дзе вярблюд?..\\ Ён не хаваўся,\\ Не задаў ён лататы:\\ Каля кухні затрымаўся\\ I агледзеў там катлы.\\ «У вялікім, мусіць, суп,\\ Ды не густа штосьці круп».\\ \\ Каля кухні соль стаяла,\\ Галаву ён – у мяшок.\\ I – зусім турботы мала,\\ Што скупы ў байцоў паёк.\\ Для вярблюда соль – ласунак,\\ Самы лепшы пачастунак.\\ \\ I не бачыць, і не чуе,\\ Як зеніткі рвуць блакіт;\\ Сам сябе вярблюд частуе,\\ Наганяе апетыт.\\ Соль упляжыў бы да дна,\\ Ды з’явіўся старшына.\\ \\ Пасля солі Кавылёк\\ Выпіў цэлы ручаёк.\\ I выходзіць – дзве бяды:\\ Ані солі,\\ Ні вады.\\ * * * Ноччу свой рубеж знаходзім,\\ На пярэдні край выходзім.\\ За акопамі – равок,\\ Там застаўся Кавылёк.\\ \\ Чутна ў цемрадзі густой –\\ Вартавы гукае:\\ – Стой!\\ Устрывожаны салдаты\\ I – хутчэй за аўтаматы.\\ \\ – Не страляйце, панікёры, –\\ Кажа камандзір з дакорам, –\\ Навастрыце лепей зрок,\\ Гэта ж наш Кавылёк!\\ \\ А вярблюд бяжыць з падскокам\\ Проста на пярэдні край.\\ Можа, ранены асколкам? –\\ Паспрабуй тут угадай.\\ Праз акопы ён сігае,\\ З відавоку ўжо знікае.\\ \\ Што здарылася з вярблюдам,\\ Ад чаго перапалох?\\ Пад гарэлым чорным дубам\\ Ён на вожыка прылёг.\\ \\ Лёг па вострыя іголкі,\\ А яны ўпіліся ў бок,\\ Як пякучыя асколкі,\\ I – ўсхапіўся Кавылёк.\\ \\ I не чуў ён, як гукалі\\ Нашы хлопцы наўздагон.\\ Потым... немцы напаткалі I забралі у палон.\\ \\ – Ты, напэўна, перабежчык,\\ Уцякаеш ад сваіх?\\ А магчыма, ты – разведчык?\\ Гэй, паклічце вартавых.\\ \\ Афіцэр у акулярах\\ Даў каманду абшукаць.\\ Настаўляе свой ліхтарык,\\ Каб было усё відаць.\\ \\ Добра зубы палічылі,\\ Моцна ў вушы патрубілі,\\ Горб абмацалі старанна –\\ Можа, рацыя схавана?\\ \\ – Дзе служыў ты: ў кавалерыі,\\ Сувязі ці артылерыі?\\ I якія ёсць гарматы,\\ Ці падвезены сынарады?\\ Колькі лыжак у палку,\\ Колькі супу ў кацялку?\\ \\ I за тое, што маўчаў,\\ Біць фашыст яго пачаў.\\ I выносіцца прысуд:\\ – Пойдзеш у абоз, вярблюд!\\ * * * Можа, тыдзень, можа, болей,\\ Кавылёк ужо ў няволі.\\ Хоць пры кухні служыць ён,\\ Ды не дадзен рацыён:\\ Ні крупінкі,\\ Ні сцяблінкі,\\ Ані макавай расінкі.\\ \\ Повар выдумаў дазнацца –\\ Дзесяць сутак ці пятнаццаць\\ Без вады і без травы\\ Будзеш ты, вярблюд, жывы?\\ \\ Кавылёк не еў, не піў,\\ Што загадвалі – рабіў.\\ I такі ён стаў слухмяны,\\ I дагодлівы, старанны.\\ \\ Не спыняецца у возе,\\ Шэсць разоў ваду падвозіць,\\ Цягне кухню палявую\\ З тылу на перадавую.\\ \\ I гагочуць немцы: – Гут,\\ Мы ў Сахары, мы ў пустыні,\\ Возіць нам абед вярблюд,\\ Горача – абед не стыне...\\ \\ У дарозе повар дрэмле,\\ Знае ён: вярблюд не зверне\\ Ні направа, ні налева,\\ Не зачэпіцца за дрэва.\\ \\ Дрэмле повар на світанні,\\ Ён сягоння недаспаў:\\ Быў у Фрыца на гулянні,\\ Імяніны той спраўляў.\\ \\ Едзе кухня,\\ Едзе кухня,\\ Ані стукне,\\ Ані грукне.\\ \\ Міна дзесь бабахне зрэдку,\\ Россып кулямётных трас.\\ Ні з разведкі, ні ў разведку\\ Не ідуць у гэткі час.\\ \\ Кавылёк ужо сігае\\ Па нейтральнай паласе.\\ Хай фашысцкі ўзвод чакае,\\ Кухню ён не ім вязе.\\ \\ Едзе кухня,\\ Едзе кухня,\\ Ані стукне,\\ Ані грукне.\\ \\ А што, повар, табе сніцца?\\ Хай табе прысніцца рай.\\ Коціць, коціць калясніца\\ Ды на наш пярэдні край.\\ \\ Падхапіўся немец сонны,\\ Лыпае – няўжо не сон?\\ Абхітрыў вярблюд палонны,\\ Кухню ўзяў у свой палон.\\ \\ Падымае немец рукі,\\ Немец Гітлера кляне:\\ – Засталіся дома ўнукі,\\ Пашкадуйце вы мяне!\\ \\ Так вярнуўся Кавылёк\\ У гвардзейскі родны полк.\\ * * * Цераз рэчку пераход,\\ Каму – рэчка, каму – брод.\\ Вораг сілы ўсе сабраў,\\ Не пакінуў перапраў.\\ Знішчаны усе масты,\\ Не плывуць даўно плыты,\\ I ля берага, вядома,\\ Ані лодкі, ні парома.\\ \\ Над ракою, над вадой\\ Пачынаем зранку бой.\\ Ледзь сышоў туман світальны\\ З прыбярэжных паплавоў –\\ Сігануў агонь знішчальны\\ Можа, з тысячы ствалоў.\\ \\ Мы з бярвенняў плыт зляпілі\\ I гармату ускацілі.\\ Пад абстрэлам, пад агнём\\ Мы на бераг той плывём,\\ I плывуць артылерысты,\\ Пехацінцы, сувязісты.\\ \\ Рэчка стогне і гудзе,\\ А вярблюд уброд ідзе,\\ Дастае нагамі дно,\\ Крамяністае яно.\\ \\ Цяжка ранен наш наводчык,\\ Памутнелі ў хлопца вочы.\\ Зараз пойдзе ён на дно,\\ Паратунку не відно.\\ \\ Кавылёк, Кавылёк,\\ У цябе шырокі крок,\\ Паслужы нам, даўганогі,\\ Замест «хуткай дапамогі»!\\ \\ На спіне сваёй гарбатай\\ Вынес Кавылёк салдата\\ З той кіпучай быстрыні,\\ З той бурлівай глыбіні.\\ \\ Пасля бою – час прывала,\\ Дом разбіты без акон.\\ – А каго вядуць з падвала?\\ – Бач, здаліся у палон\\ Штаб фашысцкі і ўся світа.\\ Вельмі важныя чыны;\\ Для парадаў былі сшыты\\ I мундзіры, і штаны.\\ \\ Насцярожыўся адразу\\ Пахудзелы Кавылёк,\\ Во не шмат мінула часу,\\ Як ад немцаў ён уцёк.\\ \\ У кампаніі палонных\\ Пакідаў штабны падвал\\ Пры ўсёй форме і пагонах\\ Ваяўнічы генерал.\\ \\ Столькі бляску, столькі глянцу,\\ I такі парадны ён,\\ Бы цяпер на пагулянцы,\\ Проста робіць мацыён.\\ \\ Кавылёк глядзеў, глядзеў,\\ Быццам вымавіць хацеў:\\ – Ты з падвала?\\ Я – з Урала, –\\ Плюнуў ён па генерала.\\ \\ Хтосьці хоча ўжо смяяцца,\\ Гледзячы на той мундзір.\\ – Перастань, вярблюд, плявацца, –\\ Строга кажа камандзір, –\\ Твой учынак – непрыстойны,\\ Трэба ж ведаць добры топ:\\ Генерал – у нас палонны,\\ Не ваюе болей ён.\\ * * * Лета.\\ Восень.\\ I зіма.\\ Кавыльку\\ Няма\\ Пісьма.\\ \\ Снег на ўсе дарогі лёг.\\ – Ёсць пасылка, Кавылёк!\\ Кавылёк,\\ Не сумуй,\\ За пасылку –\\ Патанцуй!\\ \\ Скача, скача\\ Кавылёк,\\ Скок ды скок,\\ Скок ды скок.\\ Адчувае\\ Рытм\\ I такт,\\ Скача гэтак,\\ Скача так.\\ \\ Батарэя плешча ў ладкі,\\ Заахвочвае імпэт:\\ Каб абуўся ты у тапкі, –\\ Вось бы даў кардэбалет!\\ – Хопіць, адпачні часінку,\\ Атрымай сваю пасылку!\\ \\ Адмысловая пасылка,\\ Не мяшэчак\\ I не скрынка.\\ Паштальён – з абедзвюх рук –\\ Уручае\\ Сена цюк.\\ Туга, туга спрасавана,\\ Па баках перавязана,\\ I – адкуль яно прыслана –\\ Не загадка,\\ Не сакрэт:\\ Не забыў\\ Вярблюда\\ Дзед.\\ * * * Ехаў маршал Ракасоўскі\\ Па дарозе франтавой\\ Міма спаленае вёскі,\\ Дзе заціх нядаўна бой.\\ \\ Кавылёк шагаў на маршы,\\ Перамешваў снег і бруд.\\ I спыніўся раптам маршал:\\ Скуль узяўся тут вярблюд?\\ \\ Не ва ўзводзе і не ў роце:\\ Ён адзін такі на фронце\\ I на ўсёй на усёй вайне –\\ Воін з горбам на спіне.\\ \\ – Дзе вярблюда вы ўзялі,\\ З Каракумаў прывялі?\\ Далажыў наш камандзір:\\ – Не, прывёў стары башкір...\\ \\ – Дзякую, вярблюд, за службу,\\ За адвагу і за дружбу.\\ Ну ваюй, ваюй, вярблюд,\\ Хутка Гітлеру капут!\\ \\ Кавылёк шчаслівы быў:\\ Сам жа маршал пахваліў.\\ * * * Шмат было яшчэ прыгод,\\ I закончыўся паход.\\ \\ Мы з баямі наступалі,\\ Адбівалі,\\ Вызвалялі\\ Сотні гарадоў, мястэчак,\\ Перайшлі нямала рэчак,\\ Сухадолаў і раўнін,\\ Штурмам узялі Берлін.\\ За салютам быў салют,\\ Па Берліне йшоў вярблюд.\\ * * * На радзіму, на радзіму! –\\ Абвяшчае паравоз.\\ I кладуцца кольцы дыму\\ То на поле, то на плёс.\\ \\ Чуцен колаў перабор:\\ – Адкрывайце семафор!\\ I спяваюць рэйкі:\\ – Пераводзьце стрэлкі!\\ Эшалон бярэ разгон,\\ А ў вярблюда свой вагон.\\ \\ Едзе, едзе Кавылёк,\\ Едзе тыдзень, едзе два.\\ Зелянее кавылёк –\\ Сухадольная трава.\\ \\ 1964 г.\\ \\ Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-забыта-многае-ў-жыцці]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-пісьмо-птушак]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-домскі-арган]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-туман]]