Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:аляксей-пысін:аляксей-пысін-забыта-многае-ў-жыцці

Гэта старая версія дакумента!


Аляксей Пысін — Забыта многае ў жыцці...

Сцяпану Гаўрусёву


Забыта многае ў жыцці,
З дарогі змецена і змыта.
Мне ў жыта хочацца ўвайсці,
Мне вечнасцю здаецца жыта.

Вазьму шурпаты каласок
На чуйным провадзе саломы –
I адзавецца мне здалёк
Мой продак – сейбіт незнаёмы;

Жней невядомых галасы
Ўсплывуць над постаццю сухою.
Раскалыханы каласы
Густой паўдзённаю смугою.

Тут даспявае пад смугой
Зліццё надзей, жаданняў сумесь.
Гудзе жытнёвы провад мой –
Часоў былых і новых сувязь.

I даспявае далягляд
У трапяткім мембранным гуле.
Шукаюць рукі тых зярнят,
Каб нас таксама дзесь пачулі.

1965 г.



Крыніца: Пысін А. Выбраныя творы. У 2-х т. Т 1. Вершы. / [Прадм. Р. Бярозкіна]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1980. – 304 с.

Падобныя старонкі

  • аляксей-пысін/аляксей-пысін-домскі-арган
  • аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна
  • аляксей-пысін/аляксей-пысін-петрык-і-сонца
  • аляксей-пысін/аляксей-пысін-пісьмо-птушак
  • аляксей-пысін/аляксей-пысін-туман
творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-забыта-многае-ў-жыцці.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki