~~META: title = Аляксей Пысін — Забыта многае ў жыцці... &keywords = даспявае, жыта &abstract = Чытаць верш Аляксея Пысіна "Забыта многае ў жыцці..." &iftrue = nan ~~ ====== Аляксей Пысін — Забыта многае ў жыцці... ====== //Сцяпану Гаўрусёву// \\ Забыта многае ў жыцці,\\ З дарогі змецена і змыта.\\ Мне ў жыта хочацца ўвайсці,\\ Мне вечнасцю здаецца жыта.\\ \\ Вазьму шурпаты каласок\\ На чуйным провадзе саломы –\\ I адзавецца мне здалёк\\ Мой продак – сейбіт незнаёмы;\\ \\ Жней невядомых галасы\\ Ўсплывуць над постаццю сухою.\\ Раскалыханы каласы\\ Густой паўдзённаю смугою.\\ \\ Тут даспявае пад смугой\\ Зліццё надзей, жаданняў сумесь.\\ Гудзе жытнёвы провад мой –\\ Часоў былых і новых сувязь.\\ \\ I даспявае далягляд\\ У трапяткім мембранным гуле.\\ Шукаюць рукі тых зярнят,\\ Каб нас таксама дзесь пачулі.\\ \\ 1965 г. \\ \\ Крыніца: Пысін А. Выбраныя творы. У 2-х т. Т 1. Вершы. / [Прадм. Р. Бярозкіна]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1980. – 304 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-домскі-арган]] * [[творы/аляксей-пысін/творчасць-аляксея-пысіна]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-петрык-і-сонца]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-пісьмо-птушак]] * [[творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-туман]]